Ад Елісейскіх палёў да палескіх туманоў. Барадулін – Шатохіну
25 лютага споўнілася б 74 гады беларускаму мастаку Яўгену Шатохіну. Лёс склаўся так, што творца заўчасна памёр дзевяць гадоў таму, акурат, калі пачаў рыхтаваць уласную выставу з нагоды надыходзячага юбілею. Упершыню за многія гады планаваў правесці яе ў родным Пінску.
Літаральна месяц таму, да дня смерці мастака, нашае радыё падрыхтавала матэрыял “Імгненні памяці. Яўген Шатохін”, дзе шмат біяграфічных, творчых звестак, архіўныя здымкі ды ўрыўкі з розных артыкулаў. У дзень нараджэння Шатохіна аўтару гэтых радкоў давялося наведаць ягоную магілу. Яна знаходзіцца на пінскіх гарадскіх могілках, што ў вёсцы Пасянічы.
Здавалася б, што ж не ўпершыню тут, але толькі зараз надаў увагу эпітафіі на помніку – у сэнсе разважаў над словамі. Гэта ўрывак з верша Рыгора Барадуліна. Дакладна зразумела, каму ён прысвечаны, але пачаў узгадваць з якой нагоды і калі напісаў яго Народны паэт Беларусі. Тым больш на надмагіллі выгравіравана частка, а значыць дзесьці ёсць увесь твор.
Памяць не падвяла. 11 лютага 2007 года Рыгор Барадулін напісаў верш “Не забывецца” і прысвяціў яго Яўгену Шатохіну з нагоды 60-годдзя. Знайшоўся твор у альбоме, выдадзеным мастаком.
Парыж як спарыш
Мастакоўскіх сноў,
Дзе з караня вышыня расьце.
І на палях Елісейскіх
Палешуку
Бачыцца поле ў шаўку
Валачомістых туманоў
На прысталай вярсьце.
Не забываецца раньне,
Дзе на сьняданьне
З гарачай жмені кацёл
Бульбу сопкую сыпаў
На голы, чысьцюткі стол.
І бульбіны
Ў малечых руках
Дыміліся,
Быццам зоркі
… Дасюль
Гэты млечны шлях
Ад першай сьлязы салёны,
Ад успаміну горкі,
Ад атавы расстаньня
Зялёны…
Зразумела як з Палессем звязаны Шатохін, але пры чым тут Елісейскія палі? У 90-я гады мастак шмат працаваў у Францыі, дзе таксама атрымаў прызнанне – у 2003 годзе званне “Ганаровы грамадзянін горада Альбер” ды не аднойчы ўзнагароджваўся прызам “Conseiller General a Corbie”.
(…) Мастак не хоча жыць у сталіцах. Яму дарагая былая слава Пінска, што ззяе на старонках летапісаў, прысвечаных старажытнейшаму дзяржаўнаму ўтварэньню беларусаў — Турава-Пінскаму княству. Яго хвалюе прыгажосьць храмаў, якая жыве па законах суладдьзя, узаемаўзбагачэньня дзьвух культурных стыхій. На нашай зямлі сустрэліся Заходняе і Ўсходняе хрысьціянства, барока і візантыйскі стыль. Для абыватэля гэта звычайны факт, а для сапраўднага мастака — нявычарпаная крыніца натхненьня.
Мабыць таму Яўгену Шатохіну так лёгка даецца дыялог з французскай культурай і традыцыяй. Яму не чужыя грацыёзныя сілуэты готыкі, подых мора, ціхамірнасьць мястэчак. Яму гэта не экзотыка, а частка нашай агульнай радзімы-Эўропы, на трывожнай усходняй мяжы якой ужо больш за тысячу год нясе варту Беларусь…, – напісаў у свой час мастацтвазнавец Валерый Буйвал.
Не магу сказаць пра нейкае сяброўства, у чалавечым разуменні, паміж Шатохіным і Барадуліным, хутчэй за ўсё было творчае таварыства. Яны не аднойчы сустракаліся, а ў 2006 годзе ў серыі твораў “Вушацкія аўтографы” мастак зрабіў партрэт паэта.
Вушача, 2004 год, гэты здымак Шатохін падпісаў наступна: “У двары Дзядзькі Рыгора”.
Партрэт Р.Барадуліна.
Магіла Я.Шатохіна на пінскіх гарадскіх могілках.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя