Ад Гаагі да Батумі: Аляксандр Чарнуха і Алесь Плотка едуць у літаратурны тур



Дзве літаратурныя навінкі-2023 будуць прадстаўленыя аўтарамі гэтай восенню. На супольных і сольных сустрэчах хлопцы правядуць прэзентацыі арт-бука Bloodlands 20/22,  кнігі, што з агульнай дэкаланіальнай лінзай разглядае Беларусь і Украіну і  беларускай версіі кнігі «Свінні», ці не першага фікшн-твора пра Беларусь-2020, што працягвае традыцыі «Запісак Самсона Самасуя».

Аўтары падзяліліся планамі сваіх паездак і лінкамі на фб-падзеі, што адбываюцца пры падтрымцы Дацкага Інстытута Культуры:

09.08 – Талін (Плотка) 

19.08 – Познань (Чарнуха)

25.08 – Вільня (Чарнуха/Плотка) 

26.08 – Рыга (Чарнуха/Плотка) 

Франкфурт / Прага / Дзюсельдорф / Берлін (Чарнуха) – ТBA

03.11 – Батумі (Чарнуха/Плотка) 

04.11 – Тбілісі  (Чарнуха/Плотка) 

23.11 – Капенгаген (Чарнуха/Плотка) 

24.11 – Гаага (Чарнуха/Плотка) 

25.11 – Брусэль (Чарнуха/Плотка) 

Таксама на гэтым тыдні можна зрабіць папярэднюю замову адмысловай цішоткі для гэтага літаратурнага тура.

Bloodlands 20/22 — гэта дыхтоўны фотаальбом з вершамі, створаны Алесем Плоткам і фатографамі Алесем Пілецкім і Станіславам Крупажам. У фокусе аўтараў — «крывавыя землі», Беларусь і Украіна, і іх пакутліва розны шлях дэкаланізацыі. Акрамя аўтарскіх твораў кніга змяшчае некалькі перакладаў украінскіх літаратараў, 100 працэнтаў кошту ідуць на рэабілітацыйны цэнтр «Ланка», створаны беларусамі ва Украіне для ваяроў-замежнікаў, найперш беларусаў. Ужо сабрана блізу 2000 даляраў.

«Свінні» — гэта калейдаскоп вар’яцкіх выяў, пры гэтым настолькі штодзённых і звыклых, што смех перыядычна змяняецца сумнай усмешкай. Гэта вялікая кніга сацыяльнай сатыры, дзе чытач заўважыць усім вядомыя цытаты і знойдзе алюзіі на падзеі 2020 года ў Беларусі. Твор стаў арт-тэрапіяй для пражытага за апошнія гады і ненаўмысна вярнуў шырокаму колу чытачоў цікавасць да класікі — «Запісак Самсона Самасуя» (1929). За год раман «Свінні» прачыталі больш чым у трыццаці краінах, а п’есу па рамане купалаўцы паставілі ў тэатры Rampe у Штутгарце. Цяпер сатырычны бэстсэлер можна прачытаць па-беларуску, ён жыве сваім жыццём і змяняецца, як і ўсё беларускае грамадства.

Кнігі можна замовіць па ўсім свеце на сайтах выдавецтва і выдання адпаведна.