Ад каронавіруса памёр беларускі мастак Валерый Шкаруба
Яму было 62 гады. Валерый Шкаруба хварэў апошнім часам каронавірусам.
Валерый Шкаруба нарадзіўся 10 снежня 1957 г. у горадзе Барысаве.
З 1965 па 1973 г. у Барысаве займаўся ў выяўленчым гуртку Дома піянераў, а пасля тры гады працягваў удасканаленне свайго майстэрства ў студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры ў Барысаве. У 1975 г. скончыў сярэднюю школу №16 горада Барысава. У 1975—1981 гг. вучыўся і скончыў дызайнерскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў Менску.
Ужо з 1984 г. Валерый Шкаруба пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках у Беларусі і за яе межамі. У 1989 г. быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. З таго моманту ён цалкам заняўся жывапісам.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Кавалер медаля Францыска Скарыны. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Ганаровы грамадзянін Барысаўскага раёна.
Валерый Шкаруба пісаў у асноўным пейзажы, у якіх Беларусь паўстае загадкавай і надзвычай прыгожай. Яго работы знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея. У 2015 г. у Барысаўскай цэнтральнай бібліятэцы (мастак родам з Барысава) адкрылася Галерэя Валерыя Шкарубы, дзе прадстаўлены больш за 30 яго карцін.
Беларускае Радыё Рацыя