“Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц…”



(да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа)

“Талент тады дае плён, калі прыкладваецца напружаная, да знямогі, праца”.

“Падзенне”, І.Шамякін

8 лютага 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц…”, прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа.

Абодва класікі яшчэ пры жыцці, абодва народныя пісьменнікі Беларусі, абодва нарадзіліся на Палессі… Спіс агульнага, што звязвала Шамякіна і Мележа можна працягваць доўга. А літаратурна-дакументальная экспазіцыя дапаможа даведацца пра гэта значна больш. Іван Мележ пакінуў нам легендарную “Палескую хроніку” (“Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі. Снежань”), а творы Івана Шамякіна “Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль” як і раней адгукаюцца ў сэрцы чытача.

Экспазіцыя прадставіць партрэты і фатаграфіі І.Шамякіна і І.Мележа, графічныя працы вядомых мастакоў А.Кашкурэвіча, Н.Паплаўскай да твораў пісьменнікаў, эпісталярыі, асабістыя рэчы, кнігі з аўтографамі і інш. Лейтматывам экспазіцыі стануць успаміны Івана Шамякіна “Палёт над Палессем”, прысвечаныя Івану Мележу.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц…” прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў. Выстава будзе дзейнічаць да 16 жніўня 2021 года.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел сваякі пісьменнікаў, даследчыкі жыцця і творчасці Івана Шамякіна і Івана Мележа, літаратары.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).