Ад Ў – да Льва Сапегі



У верасні 2019 года ў старажытным горадзе Слоніме адбудзецца Дзень беларускага пісьменства і друку. Да гэтага свята ў скверы насупраць тэатра будзе адкрыты помнік гетману Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу. Слонімцы з надзеяй чакаюць гэтай падзеі.

Да Слоніма свята беларускага пісьменства і друку адбывалася ў 25 гарадах Беларусі. І ў многіх гарадах да гэтага свята нешта адкрывалася і рэстаўравалася. У 2003 годзе ў Полацку з’явіўся помнік літары Ў, а ў 2017 годзе ў Полацку адкрылі памятны знак “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці”.

У 1996 годзе ў Наваградку  быў адкрыты мемарыяльны камень у памяць пра Елісея Лаўрышаўскага. Пазней у Наваградку паўстаў паўнавартасны помнік.

У Оршы ў 1998 годзе з’явіўся мемарыяльны знак у гонар друкара і асветніка Спірыдона Собаля, а таксама Рагвалодаў камень.

У 2000 годзе ў Заслаўі землякоў парадаваў помнік заснавальніку горада князю Ізяславу. А праз год у Мсціславе быў пастаўлены помнік друкару і асветніку Пятру Мсціслаўцу.

У 2005 годзе ў Камянцы былі адкрыты пяць ярусаў Камянецкай вежы, а мастакі з дрэва выразалі постаці Апанаса Брэсцкага, Сімяона Полацкага, Міколы Гусоўскага і іншых асобаў.

У Паставах рэстаўравалі палац Тызенгаўзаў і помнік арнітолагу Канстанціну Тызенгаўзу.

У Шклове да Дня пісьменства быў пастаўлены помнік Сямёну Зорыну – мецэнату і мастацтвазнаўцу. У Барысаве памятная дошка гісторыку Івану Каладзееву. У Смаргоні адкрылі помнік Францішку Багушэвічу.

А ў Хойніках з’явілася скульптурная кампазіцыя па творах Івана Мележа і быў рэканструяваны сядзібны дом пачатку ХХ стагоддзя.

У 2011 годзе ў Ганцавічах на алеі пісьменства быў адкрыты бронзавы помнік Якубу Коласу.

У Глыбокім ў 2012 годзе адначасна адкрылі восем бюстаў землякам і дзве мемарыяльныя шыльды. Не мінулі вядома ж і Ігната Буйніцкага, Язэпа Драздовіча, Клаўдзія Дуж-Душэўскага і іншых.

У Быхаве на Дзень пісьменства з’явілася двухметровая кніга, а ў Шчучыне быў адрэстаўраваны палац князёў Друцкіх-Любецкіх.

У 2016 годзе ў Рагачове з’явіліся дом кнігі і бібліятэка імя Уладзіміра Караткевіча, але помнік Караткевічу не паставілі. І сёлета ў Іванаве быў адкрыты сонечны гадзіннік “Янава слова”. Да святаў беларускага пісьменства і друку шмат яшчэ добрага і карыснага было зроблена на ніве беларускасці і нашай гісторыі. І гэта радуе.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, фота з вольнага сеціва і Ладзіка Майніча