Ад Вітаўта да Пятрухіна



„Помнік якому беларускаму дзеячу, на ваш погляд, варта было б паставіць у Берасці? Каб не адставаць ад Віцебску, Ліды і інш”. З такім пытаннем да карыстальнікаў Facebook звярнуўся старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.

Вось што думаюць самі берасцейцы на гэты конт:

– Па-мойму тут увогуле мала помнікаў гістарычным персонам, якія звязаныя з Берасцем. Ведаю, што князь Вітаўт ёсць на помніку тысячагоддзя, ну і Адам Міцкевіч. Беларусам, якія праславілі нашу зямлю, няма помнікаў. То бок тут можна розных людзей браць, калі ўзяць савецкую Беларусь, то адразу прыходзіць на памяць наш пісьменнік Уладзімір Калеснік. Часоў Рэчы Паспалітай я лічу, што Ягайла павінен быць. Можа быць сапраўды помнік Грунвальдскай бітве, дзе Ягайла і князь Вітаўт разам былі.

– Вітаўту, але не толькі на гэтым помніку, а асобна, каб быў.  Мне ён падабаецца найбольш. 

– На маю думку Леў Сапега.

За пяць дзён апытання пад допісам з’явіліся ўжо больш 120-ці каментароў з дзясяткамі прапановаў. Гучалі прозвішчы гістарычных асобаў такіх як Тэдэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі і іншыя, так і сучаснікаў такіх як блогер Сяргей Пятрухін. Далучыцца да дыскусіі можна на старонцы Дзмітрыя Шыманскага ў Facebook.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце