Адбор на «Бардаўскую восень»: не прайшла Pauline, затое едзе BarRokka



30 выканаўцаў узялі ўдзел у адборачным канцэрце да культавага беларускага фэсту, які ў 23-ці раз пройдзе ў Польшчы.

Адбор праходзіў у менскім клюбе ILI. Па выніках 4-гадзіннага праслухоўвання, журы назвала дзевяць удзельнікаў, якія возмуць удзел у конкурснай праграме фестывалю. Цікава, што даволі шмат выканаўцаў, якіх можна было лічыць фаварытамі конкурсу, не трапілі ў канчатковы сьпіс. Сярод іх Pauline, гурт «Тутэйшыя», дуэт «МІП-бэнд». Затое ў лік фіналістаў трапіў гурт BarRokka – безумоўна, адно з адкрыццяў гэтага году ў беларускай музыцы, гурт «Мерада», які выступіў у фармаце дуэта, лідар гурта Hurma Мікіта Найдзёнаў ды яшчэ нямала цікавых выканаўцаў. «Склад канкурсантаў сёлета можа быць быў самы моцны за ўвесь час, што я назіраю за фестывалем. Вельмі шкада, што не прайшлі адбор надзвычай прафесійныя і вартыя ўвагі выканаўцы, але мы былі абмежаваныя фарматам фэсту і абмежаваннямі што да колькасці канкурсантаў. У гэтай сувязі, напрыклад, сольныя выканаўцы мелі перавагу над дуэтамі, а дуэты над трыё ці гуртамі», – зазначае прадстаўнік парталу Tuzin.fm у журы Алег Хаменка. Акром яго ў журы ўвайшлі Кася Камоцкая і Зміцер Вайцюшкевіч.

Склад удзельнікаў конкурсу «Бардаўскай восені-2016» выглядае так: гурт «Сон-трава», дуэт «MorkvaЦвет», Мixаiл Рубiн, Марыя Гаўрыленка, Ганна і Стыў Крамэры, Максiм Знак, Андрэй Сянькевiч, Мiкiта Найдзёнаў, гурт «BarRokka».

Фестываль пройдзе 28-30 кастрычніка ў Бельску-Падляшскім. Удзельнікі гасцявой часткі будуць названыя трошкі пазней.

tuzin.fm