Адбылася прэм’ера новых частак кінаанталогіі Miensk 2020



Прэм’еру другой і трэцяй частак мастацкай кароткаметражнай кінаанталогіі Miensk 2020 анансавала на сваёй старонцы ў Facebook Беларуская рада культуры.

 

Аўтарка і рэжысёрка цыклу пра Беларусь пад тэрорам Анастасія Мацкевіч.

Першы фільм з анталогіі, прэм’ера якога на YouTube адбылася ў студзені 2021 года, быў прысвечаны памяці Рамана Бандарэнкі. Анастасія Мацкевіч аднавіла ў стужцы атмасферу ночы з 15 на 16 лістапада 2020 года, калі ў выніку аперацыі сілавікоў сотні людзей былі вымушаныя хавацца ў кватэрах дамоў «Плошчы Перамен», каб пазбегнуць затрымання.

У другой і трэцяй частках кінаанталогіі рэжысёрка працягвае рэфлексію на тэму гвалту.

«Частка II – гэта метафара на тое, што рабіў рэжым з Беларуссю цягам 27 гадоў свайго існавання, праводзіцца паралель з хатнім гвалтам, — пазначаецца ў анатацыі да стужак. — Частка III — у працяг тэмы хатняга гвалту паказвае вечар сям’і супрацоўніка сілавых структур».

У стварэнні фільма ўзялі ўдзел экс-акцёр РТБД Мікалай Стонька і блогер Марцін Крам.

Офлайн-прэмʼера новых карцін адбылася ў межах «Кінатэрапіі» ў шэрагу гарадоў Польшчы на Міжнародным тыдні культуры Беларусі, дадае Беларуская рада культуры.

Анлайн-прэзентацыя для беларускага і сусветнага гледача адбудзецца сёння, 22 ліпеня, на YouTube-канале стужак.

reform.by