Адбылася прэзентацыя кніг Эдуарда Акуліна



27 творчых лёсаў пад адной вокладкай з цікавымі і рэдкімі фотаздымкамі (Ніл Гілевіч, Леанід Дайнека, Таццяна Беланогая, Алесь Камоцкі, Рыгор Сітніца, Алесь Бяляцкі, Наста Кудасава ды іншыя) – у новай кнізе паэта, барда, галоўнага рэдактара часопіса “Верасень” Эдуарда Акуліна “Падзяліцца поўняй” знайшлі сваіх чытачоў на III фестывалі інтэлектуальнай кнігі „Прадмова” падчас прэзентацыі ў менскім Палацы Мастацтва.

На сустрэчы выступіў адзін з герояў выдання – вядомы беларускі бард, кіраўнік Народнага гурта „Пліса” Кастусь Герашчанка. Ён праспяваў сваю даўнюю песню „Фея восень” а таксама выканаў новы твор – песню” Краіна мая” на словы Эдуарда Акуліна.

Адначасова была прадстаўлена і яшчэ адна кніга паэзіі “Плашчаніца”, змест якой склалі вершы духоўнага гучання. Адметнасць гэтага выдання ў тым, што – гэта кніга-білінгва, якая сталася вынікам міжнароднага творчага праекта пад аўтарствам белградскага мастака Міколы Шындзіка. 12 вершаў Эдуарда Акуліна ў перакладзе прафесара славістыкі Міадрага Сібіновіча на сербскую мову ілюстраваны карцінамі і інсталяцыямі 12 сербскіх мастакоў. Кніга па праву лічыцца ўнікальнай, бо такога мастацкага праекта яшчэ не было ў гісторыі беларускай літаратуры. Выдавец кніг Уладзімір Сіўчыкаў падтрымаў выступам свайго калегу і аўтара.

Беларускае Радыё Рацыя