Адбыліся VIII Лідскія чытанні



У канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы бібліятэкі адбылася навукова-практычная канферэнцыя “VIII Лідскія чытанні” на тэму “Вайна і памяць: старонкі гісторыі Лідскага краю”, прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны. Удзел у канферэнцыі прынялі педагогі і навучэнцы лідскіх школ, краязнаўцы, навуковыя супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея, работнікі і чытачы бібліятэк.

З дакладам “Помнікі Вялікай Айчыннай вайны Лідскага раёна” перад прысутнымі выступіла галоўны спецыяліст аддзела культуры Лідскага райвыканкама Лілія Хвайніцкая. Дакладчыца падкрэсліла, што кіраўніцтвам раёна прымаюцца меры па падтрыманні помнікаў і месц захаванняў у належным стане, аддзел культуры пастаянна працуе з уласнікамі помнікаў па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Навучэнкі СШ №11 Алена Лычкоўская і Ганна Юнда расказалі аб складзеных імі экскурсійных маршрутах па месцах баявой славы горада і раёна.

Супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталля Хацяновіч і Наталля Валынец азнаёмілі з артэфактамі той вайны ў музейных фондах, а таксама нагадалі асноўныя падзеі 1941-1944 гадоў на Лідчыне ад пачатку вайны да вызвалення горада. У ходзе канферэнцыі былі таксама закранутыя балючыя тэмы палітыкі генацыду, халакоста, лідскага гета і іншыя тэмы.

Да падзей верасня 1939 года – першых дзён Другой сусветнай вайны – звярнуўся ў сваім дакладзе лідскі краязнавец і пісьменнік Станіслаў Суднік, які распавёў аб ваенным лёсе 77-га пяхотнага палка ковенскіх стралкоў, які дыслацыраваўся ў Лідзе. Галоўны бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі Галіна Курбыка азнаёміла з самымі значнымі кніжнымі выданнямі з фонду бібліятэкі, у якіх адлюстраваны ваенныя гады на Лідчыне. Выстаўка гэтых выданняў “Хвалюючы летапіс Перамогі” дзейнічала ў дзень у канферэнц-зале.

Што ж датычыцца дакладаў, якія прагучалі, то на аснове іх бібліятэка плануе выдаць зборнік “Вайна і памяць: старонкі гісторыі лідскага краю”, які стане каштоўным дапаможнікам для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Другой сусветнай вайны на Лідчыне.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара