Адбылося ўзнагароджанне літаратурнай прэміяй “Гліняны Вялес”



Сёлетняе ўзнагароджанне літаратурнай прэміяй “Гліняны Вялес” адбылося ў вёсцы Каптаруны ў Пастаўскім раёне. У гэтай мясцовасці пісьменнік, мастак і сёлетні лаўрэат “Вялеса” Артур Клінаў стварыў арт-вёску, у якой нават пабудаваў будынак тэатра. У гэтым тэатры і адбылося ўганараванне лаўрэата.

Кажа Артур Клінаў:

– Вось у гэтым пасёлку, які ў рамане я назваў мястэчкам N, жывуць людзі, якія ўжо шмат гадоў, дзесяцігоддзямі жывуць у стане страху. Яны баяцца, прычым баяцца на самой справе не ўлады, а адзін аднаго. Бо ў гэтым пасёлку жыве нехта, хто перыядычна раз на год кагосьці з’ядае. То бок жывуць ператварні, жывуць даўно, гістарычна, іх ніхто не ведае, іх ніхто не бачыў у твар, але  кожны падазрае суседа.

Артур Клінаў паставіў сабе задачу стварыць раман пра страх, які апаноўвае грамадства. Твор атрымаў назву “Локісаў”. Рэдактарка рамана Ірына Герасімовіч падчас выступу на цырымоніі адзначыла, што  ў сённяшніх умовах прэмія набывае больш шырокае гучанне і значэнне.

– Вось у гэтую прастору так занурыўся і так з сабою папрацаваў, нават не проста ў мове, а вось з гэтай рэчаіснасцю. Гэтыя сэнсы неяк павывуджваў і сплёў з гэтага вось такое палатно, якое шмат для каго будзе каштоўным.

Вялікі дзякуй, Артур, выдавецтву, усім тым, хто ўдзельнічаў у гэтым. Вялікі дзякуй вам за такое прызнанне Артуравай працы.

Раман “Локісаў” выйшаў летась у выдавецтве Логвінава. Артур Клінаў стаў 28-ым лаўрэатам найстарэйшай незалежнай беларускай літатурнай прэміі “Гліняны Вялес”.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя