Адкрыта падача заявак на Прэмію Цёткі для пісьменнікаў і ілюстратараў
Распачынаецца трэці сезон Прэміі Цёткі, якая прысуджаецца за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. На конкурс прымаюцца кнігі 2017 года, напісаныя на беларускай мове.

Прэмія Цёткі ўручаецца ў дзвюх намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў (незалежна ад роду літаратуры — проза, паэзія, драматургія — аўтару арыгінальнай беларускай кнігі) і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі (мастаку-ілюстратару кнігі). Для кожнай намінацыі асобнае журы вызначыць аднаго пераможцу. Кожны з іх атрымае грашовы прыз, эквівалентны 2000 даляраў.
Каб падаць кнігу на разгляд, трэба запоўніць форму на сайце ciotka.by. Прапанаваць кнігу на конкурс могуць выдавецтвы, члены журы, аргкамітэт прэміі, а таксама сам аўтар або мастак і наогул любы зацікаўлены чытач.
У 2016 годзе пераможцамі першай Прэміі Цёткі сталі пісьменніца Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай “Сем ружаў”. У 2017 — Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай „Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”.
