IV Беларускае трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
28 лістапада 2019 года а 17-й гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё IV Беларускага трыенале сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Галоўнай мэтай сёлетняга праекта з’яўляецца дэманстрацыя стану развіцця ў перыяд 2017 – 2019 г.г. нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, папулярызацыя творчасці мастакоў у грамадстве.
Сучаснае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі сфармавалася на асноўных прынцыпах народных і класічных традыцый, створаных па законах прыгажосці і мэтазгоднасці. Веданне гэтых традыцый, майстэрства і ўменне тварыць ў сукупнасці з нестандартным мысленнем – усё гэта адкрывае перад прафесійнымі мастакамі бязмежныя магчымасці знаходзіць сучасныя рашэнні і ствараць творы высокай эстэтычнай якасці.
У экспазіцыі выстаўкі прадстаўлены творы мастакоў, якія працуюць у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод іх работы Ніны Пілюзінай, Валянціны Маркавец-Бартлавай, Галіны Крываблоцкай, Наталлі Сухаверхавай, Алы Непачаловіч, Ларысы Густавай, Уладзіміра Лісавенкі, Наталлі Лісоўскай, Святланы Баранкоўскай, Таццяны Маклецовай, Таццяны Козік, Таццяны Белавусавай-Пятроўскай, Вольгі Рэднікінай, Алены Обадавай, Тамары Сакаловай, Наталлі Яўглеўскай, Тамары Васюк, Вольгі Сазыкінай, Таццяны Малышавай, Ірыны Фінсклер, Яўгеніі Мусінскай, Мікалая Кузьміча, Паўла Рабава, Ірыны Шчаснай і многіх іншых.
Экспазіцыйная прастора IV Беларускага трыенале сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ахоплівае шырокі дыяпазон традыцыйных тэхнік і інавацыйных аўтарскіх прыёмаў ў галіне мастацкага тэкстылю, керамікі, шкла, металу, скуры і інш. Пры ўсёй разнастайнасці прадстаўленых мастакамі тэм, вобразаў, кампазіцыйных і стылістычных рашэнняў, іх аб’ядноўвае агульнае імкненне наблізіцца ў сваіх працах да сутнасці выказвання паняццяў аб гармоніі і прыгажосці навакольнага свету.
Незвычайныя, шмат у чым самабытныя і непаўторныя арт-аб’екты трыенале, сведчаць пра тое, што сучаснае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі мае вялікі патэнцыял для свайго далейшага развіцця. Таму ёсць пацверджанні: па-першае – на выставе прадстаўлены цудоўныя вынікі творчых пошукаў мастакоў, а па-другое – вызначыўся патрабавальны, жадаючы арыгінальных і наватарскіх ідэй, знаток-глядач.
Выставачная экспазіцыя IV трыенале раскрывае ўнікальны творчы патэнцыял плеяды шырока вядомых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і маладых таленавітых аўтараў. Прафесійныя мастакі розных пакаленняў беражліва захоўваюць асаблівы нацыянальны стыль у сваіх сучасных творах.
Выстава працягнецца па 8 снежня 2019 г.
Адрас: г. Менск, вул. Казлова 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 19:00; субота-нядзеля з 11:00 да 19:00.
Панядзелак – выхадны дзень.