Адкрыццё мастацкага праекта Ігара Кашкурэвіча
9 верасня (чацвер) 2021 года ў 16.00 у Беларускім саюзе мастакоў (вул. Я.Коласа 29а) у рамках фестывалю «Арт-Мінск-2021» адбудзецца адкрыццё мастацкага праекта Ігара Кашкурэвіча «Размова з духам камня».
На адкрыцці можна будзе не толькі пазнаёміцца з новым праектам вядомага беларускага мастака ў дворыку Беларускага саюза мастакоў, але ў выставачнай зале ўбачыць яго раннія работы, а таксама трапіць на перформанс, які падрыхтаваны аўтарам спецыяльна для «размовы з духам камянёў».
Ідэя зрабіць скульптурны праект у дворыку Беларускага саюза мастакоў — былой майстэрні народнага мастака, вядомага беларускага скульптара А.Бембеля — нарадзілася ў Ігара Кашкурэвіча некалькі месяцаў таму. Цягам летніх дзён мастак працаваў на адкрытым паветры, шукаючы вобразы сваіх скульптур праз форму прыродных камянёў. Імкнучыся захаваць велічны дух камянёў, вельмі асцярожна і далікатна ён ператвараў іх, дадаваў характар, чалавечае аблічча, настрой. Ствараў новую гісторыю, якая б не супярэчыла старажытнай сутнасці валуноў і стасавалася з прыродным асяроддзем навокал. І сёння ў кожнага гледача ёсць магчымасць прайсціся па мастацкім дворыку ў суправаджэнні аўтара, каб паглыбіцца ў надзвычай цікавую эмацыянальную атмасферу мастацкага праекта, дакрануцца да своеасаблівага рытуалу — дыялогу аўтара з камянямі.