Адкрыццё выставы “Абразы і час”
17 кастрычніка 2018 года а 17 гадзіне ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” (Палац Рэспублікі) адкрыецца выстава “Абразы і час” іканапіснай майстэрні Віктара Леанідавіча Доўнара “IKONIQUE”.
Віктар Леанідавіч Доўнар – знакаміты беларускі іканапісец, член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза кінематаграфістаў. Больш за 25 год кіруе іканапіснай майстэрняй “IKONIQUE”, якая за сваю дзейнасць атрымлівае дыпломы і граматы, у 2011 годзе стала лаўрэатам прэміі Канстанціна Астрожскага і набыла міжнародны статус.
На экспазіцыі будуць прадстаўлены спісы згубленых абразоў беларускай школы і новае прачытанне вядомых вобразаў, напісаных на міжнародным Лагойскім іканапісным пленэры, фотаплакаты фрэсак і мазаік майстэрні “IKONIQUE”.
Шырокая геаграфія работ іканапіснай майстэрні Доўнара дэманструе, як беражліва захоўваюць мастакі старыя традыцыі фрэскі ў сучасным роспісу. Грунтоўна вывучаючы кананічнае мастацтва іканапісу і кіруючыся лепшымі ўзорамі візантыйскіх майстроў, майстэрня назапасіла вялікі вопыт у стварэнні фрэскавага жывапісу, мазаік і ікон для Царквы. За 25 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці іканапісцы распісалі фрэскамі больш за 20 цэркваў і малельных пакояў, створана 15 найскладаных мазаічных пано, напісаны сотні абразоў для іканастасаў праваслаўных цэркваў Польшчы, Беларусі, Украіны, Швейцарыі, Узбекістана, Чарнагорыі і Румыніі.
Майстэрня Доўнара “IKONIQUE” актыўна ўдзельнічае ў навуковых канферэнцыях і міжнародных пленэрах, прысвечаных гісторыі іканапісу і пошукам сучаснага прачытання іканапіснага ладу. Іканапісцы не раз прадстаўлялі свае работы на Міжнародных выставах у Польшчы, Румыніі, Украіне, Беларусі. Пасля правядзення міжнароднага пленэру ў Лагойску, прысвечанага беларускай цудатворнай іконе, іканапісная майстэрня арганізавала і правяла 10 выстаў у Беларусі і за мяжой.
Разам з бацькам у майстэрні працуюць яго сыны – Аляксей і Мікалай, якія маюць адмысловую адукацыю, з’яўляюцца прафесійнымі мастакамі, сябрамі Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў.
Выстава працягнецца да 29 кастрычніка 2018 года.
Адрас галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі)