Адкрыццё выставы “Біблія для народа 1692-1696 гг. Васіля Кораня”



17 студзеня 2020 г. а 11 гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў межах праекта “Вяртаем забытыя імёны” адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі “Біблія для народа 1692-1696 гг. Васіля Кораня”.

На экспазіцыі ўпершыню шырокаму колу наведвальнікаў будуць прадстаўлены рэканструяваныя лісты першай гравіраванай Бібліі для народа ў малюнках, створанай нашым земляком – беларускім майстрам-разьбяром па дрэве Васілём Коранем з мястэчка Дуброўна (цяпер горад у Віцебская вобл.). Экспанаты для выстаўкі прадастаўлены музею кіраўніком Акадэміі народнага мастацтва, мастаком-графікам Віктарам Пензіным. Копіі Бібліі знаходзяцца ўсяго ў некалькіх музеях свету: у Ватыкане, Мексіцы, Мадрыдзе і ў Расеі – у Эрмітажы і Траццякоўскай галерэі. Уручаліся – Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ, Экзарху Беларусі – Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, Патрыярху Кірылу.

Біблія для народа ў малюнках (па ўзоры “заходніх”) рэзалася Васілём Коранем на драўляных дошках і друкавалася ў Маскве ў 1692-1696 гг., дзе ён працаваў разам з іншымі выдатнымі беларускімі майстрамі, якія аздаблялі Гранавітую палату Маскоўскага крамля, працавалі ў Збройнай, Залатой і Сярэбранай палатах, іншых месцах Масквы, ствараючы дзівосныя мастацкія творы, што і цяпер уваходзяць у пералік высокамастацкіх скарбаў Расіі.

Асаблівая адметнасць Бібліі Васіля Кораня ў тым, што яе можна параўнаць па значнасці для славянскага пісьменства, духоўнай і гістарычнай спадчыны беларускага народа са спадчынай Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага. Гэты ўнікальны для Беларусі твор захаваўся ў адзіным экзэмпляры з тысячнага тыражу і знаходзіцца ў Дзяржаўнай бібліятэцы ў Санкт-Пецербурзе. Менавіта з Бібліі Кораня бярэ пачатак мастацтва сусветна вядомага рускага сюжэтнага лубочнага малюнка.

Пагартаць творы Васіля Кораня і Францыска Скарыны таксама можна будзе на сэнсарным экране, а адкрыццё выстаўкі аздобіць унікальны канцэрт звонавай музыкі ў выкананні магістра мастацтваў Багдана Бярозкіна. Дзякуючы партнёрам праекта, разам з рэканструяванай Бібліяй Васіля Кораня на выстаўцы будуць прадстаўлены Цыганская Біблія, Каран, іншыя ўнікальныя духоўныя кнігі на царкоўна-славянскай, польскай, украінскай, беларускай, іншых мовах.

На мерапрыемства запрошаны прадстаўнікі міністэрстваў, дыпламаты, дэпутаты Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі ўстаноў культуры, грамадскасці, духавенства, СМІ.

Часткай і працягам адкрыцця выстаўкі стане круглы стол “Народная гравіраваная кніга Васіля Кораня “Біблія для народа”, прысвечаны спадчыне Кораня і яе значнасці для Беларусі.

budzma.by