Адкрыццё выставы „Васіль Быкаў. Доўгая Дарога Дадому…”



20 снежня а 16-й гадзіне ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбудзецца прэзентацыя сумеснага культурна-асветніцкага праекта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”», прысвечанага 95-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Падчас прэзентацыі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прадставіць літаратурна-дакументальную экспазіцыю “Васіль Быкаў. Доўгая Дарога Дадому”. Назву выставе дала апошняя прыжыццёвая кніга Васіля Уладзіміравіча. Гэта ўспаміны пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў яго багатага падзеямі жыцця. У экспазіцыі прадстаўлены каштоўныя матэрыялы з калекцый Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры: выданні 1942–1945 гадоў сяброў Васіля Уладзіміравіча – літаратараў-франтавікоў Максіма Танка, Пімена Панчанкі; дакументы ваеннага перыяду; прыжыццёвыя выданні твораў В. Быкава; фатаграфіі Яўгена Коктыша, Уладзіміра Крука, на якіх Васіль Уладзіміравіч побач з сябрамі.

Падчас імпрэзы наведвальнікі змогуць убачыць кадры з кінафільмаў, знятых па аповесцях пісьменніка, прадастаўленыя партнёрам праекта Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм”.

Арганізатары запрашаюць прыхільнікаў асобы і творчасці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Дата правядзення: 20.12.2019

Час: 16.00

Месца правядзення: Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (пр-т Пераможцаў, 8)