Адміністрацыя Музею Азгура сарвала прэзентацыю кнігі



Прэзентацыю мемуараў удзельніка Саюза Беларускай Моладзі сарвала адміністрацыя Музею Азгура. Дэбютную кнігу 93-гадовага Вікенція Мароза спрабавалі ўрачыста прадставіць публіцы, аднак напярэдадні спаткання, па невядомых прычынах, музей адмовіўся ад супрацы з выдаўцамі. Гаворыць беларускі паэт, дырэктар выдавецтва “Галіяфы”, Зміцер Вішнёў:

– Пытанні да дырэктара Музея Азгура, чаму забаранілі імпрэзу. Гэта толькі нашыя здагадкі, мы не ведаем хто забараніў. Відавочна, што сітуацыя дзіўная, калі музей тэлефануе за дзень і кажа, што імпрэзы не будзе, то ўзнікае вельмі шмат пытанняў.

Прэзентацыя кнігі “Перажытае-незабытае” выклікала цікаўнасць у чытачоў, аднак іх напаткала расчараванне. Зміцер Вішнёў працягвае:

– Было проста вельмі шкада тых людзей, якія прыйшлі на імпрэзу. Людзі хацелі нейкай падзеі, хацелі пачуць аўтара. Таму што ўвогуле з тых, хто быў у Саюзе Беларускай Моладзі, не ведаю, ці хто яшчэ застаўся ў жывых: павысылалі, пастралялі ды і ўзроставая сітуацыя. Таму сведка тых падзеяў – гэта ўнікальны чалавек.

У сваёй кнізе ўдзельнік Саюзу Беларускай Моладзі Вікенцій Мароз узгадвае юнацкае жыццё 1920-1930 гадоў. Успаміны «Перажытае-незабытае» можна набыць, як у прыватных, так і дзяржаўных кнігарнях.

Беларускае Радыё Рацыя