Адмовіліся падпісаць падзяку Сталіну і не толькі…
Гэта быў смяротны жах бальшавікоў, падрыў цэлай партыйнай акцыі. Усё адбылося на Палессі ў чэрвені 1945 года. На працягу месяца партыйцы і чэкісты пераконвалі палешукоў паставіць подпіс. Мала таго, што частка адмовілася, дык яшчэ некаторыя дазвалялі сябе крычаць лозунгі на сходах а-ля «Далоў Сталіна! Далоў савецкую ўладу!».
У траўні 1945 года савецка-партыйнае кіраўніцтва Беларусі вырашыла з помпай адзначыць гадавіну вызвалення Менска ад нацыстаў. На нарадзе Цэнтральнага камітэта Кампартыі бальшавікоў Беларусі, якая адбылася 22 траўня, пастанавілі зрабіць 3 ліпеня «усенародным нацыянальным святам».
Тады ж прынялі план урачыстых мерапрыемстваў, які з Менску спусцілі ва ўсе абкамы і гаркамы ЦК КП(б)Б: сацыялістычныя спаборніцтвы, лекцыі па прапагандзе гераічнай барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, ўпрыгожванне гарадоў, спартовыя спаборніцтвы і канцэрты творчых калектываў. Усе газеты былі перапоўненыя артыкуламі кшталту «Нацыянальнаму святу – дастойную сустрэчу!», «Насустрач галоўнаму святу народа!» і г.д.
Асобна стаяла цэлая кампанія – падпісанне ад усяго беларускага народа ліста падзякі на імя правадыра народаў СССР Іосіфа Сталіна. Маўляў, каб ня ён і перамогі не было б, бясконца трэба ўсхваляць ваеннага і дзяржаўнага генія «савецкага народа». Наўрацці хтосьці з кіраўнікоў БССР мог сябе ўявіць, што з гэтым паўстануць сур’ёзныя праблемы на Палессі, ў тагачаснай Берасцейскай вобласці, ў Дзівінскім раёне (цяпер частка Кобрынскага раёна).
Насельніцтва знаходзіцца пад уплывам антысавецкага падполля
Забягаючы наперад адзначым, што функцыянеры Дзівінскага раённага камітэта КП(б)Б апраўдваліся перад Берасцем і Менскам актыўнасцю на Палессі ўкраінскага нацыянальна-вызвольнага руху, між іншага УПА ды нават дзейнасцю польскіх груп ад імя ўрада ў выгнанні ў Лондане. І сапраўды гэта істотны чыннік, бо з ліпеня 1944 года ў «краіне багнаў» вялася цэлая вайна з антысавецкім падполлем. Колькасць узброеных паўстанцаў у Берасцейскай і Пінскай вобласці НКУСаўцы ацэньвалі ў 12-15 тысяч, а яшчэ былі гурткі, якія займаліся агітацыяй і безліч тых, хто спачуваў дапамагаючы харчаваннем і адзеннем. Напрыканцы студзеня 1945 годаў Менску адбылося паседжанне кіруючых органаў савецкай Беларусі, дзе вызналі, што антысавецкая партызанка на Палессі месцамі мае вялікі поспех, бо партыйна-савецкі актыў запужаны, цяжка даецца будаўніцтва савецкіх інстытуцый, а насельніцтва пад уплывам падполля.
Загадчык арганізацыйна-інструктарскага аддзела Дзівінскага РК КП(б)Б Міхаіл Ігнатовіч дакладваў свайму непасрэднаму начальніку ў Берасці Трафіму Радзюку наступнае: «…на працягу 5-8 чэрвеня 1945 года па ўсім установам, арганізацыям, сельсаветах, населеным пунктам раёна праводзілася абмеркаванне і падпісанне ліста таварышу Сталіну да 3 ліпеня 1945 году, да гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 25 чэрвеня была праведзена інструктыўная нарада кіруючых савецка-партыйных работнікаў аб парадку абмеркавання ліста таварышу Сталіну. На нарадзе прысутнічала 45 чалавек. Пасля праведзенай нарады 45 таварышаў з савецка-партыйнага актыву выехала на раён па сельсаветах і населеным пунктам для абмеркавання ліста таварышу Сталіну і арганізацыі подпісаў».
У выніку было праведзена 40 сходаў працоўных на якіх прысутнічала 2519 чалавек з якіх подпіс паставіла 1498 чалавек. Ігнатовіч прызнаваў, што гэта мала і ганебна, але адразу даваў агаворку на цяжкую палітычную абстаноўку ў рэгіёне.
Сяляне хочуць назад у Польшчу!
У Навасёлкаўскім сельсавеце тыя жыхары, якія адмаўляліся падпісаць ліст Сталіну тлумачылі сваю пазіцыю наступным чынам: «Чым менш мы дамо подпісаў пад гэтым лістом, тым больш шанцаў на тое, што ў Дзівінскім раёне будзе адноўлена польская ўлада…». Кіраўніцтва Дзівінскага раёна тлумачыла такія заявы тым, што па вёсках сельскага савета хадзілі агітатары польскага ўраду ў выгнанні і ўводзілі вяскоўцаў у падман, маўляў, гэта збор подпісаў за ці супраць савецкай улады ў раёне.
Пагадзіцеся, што такое апраўданне нават горшае! Атрымоўваецца, што насельніцтва не тое, што падзяку Сталіну сказаць ня хоча, яно ўвогуле супраць саветаў.
Рыхтаваўся цэлы з’езд украінскіх нацыяналістаў?
Таксама ў апраўданне правала кампаніі кіраўніцтва Дзівінскага раёна прыводзіла цікавы факт: «У гэты перыяд украінскія нацыяналісты рыхтавалі свой з’езд у нашым раёне, таму ўсе прадстаўнікі ўкраінскіх нацыяналістычных арганізацый з’ехаліся ў наш раён, прычым у падрыхтоўцы да згаданага з’езду нацыяналістамі была праведзена вялікая праца, і большасць насельніцтва ведала аб з’ездзе. З’ехалася шмат бандытаў. Агітацыя, якая была праведзена нацыяналістамі вакол з’езду, зводзілася да таго, што ў Дзівіне і Дзівінскім раёне савецкай улады не будзе…».
З’езду такога не было і калі верыць усё тым жа дзівінскім уладам, то ўдзельнікаў маючага адбыцца мерапрыемства ў ходзе адмысловай вайсковай аперацыі ліквідавалі чырвонаармейцы. Тут як і з «жаданнем сялян у Польшчу» – дзіўнае апраўданне. Цэлы з’езд рыхтавалі падпольшчыкі, ведаў увесь раён, усе жыхары, а пасля раптам усіх перабілі. Якія мясцовыя бальшавікі малайцы, спачатку нагняталі сітуацыю са з’ездам, а потым разабраліся на раз-два…
Пажарныя: навошта нам гэтая ўлада?
Гаворачы пра сялян, вяскоўцаў, бальшавікі маглі нават сказаць, што цмяныя людзі ды і ўвогуле, як бы той клас, які ў 1930-я гады ў СССР актыўна знішчалі. Але ж і прадстаўнікі пралетарыяту сказалі свае рашучае «не» Стланіну.
На сходзе пажарнай аховы Дзівіна, выслухаўшы агітатараў, адзін з прысутных заявіў: «Нам на ўладу ўся роўна! Мы нікога не прызнаем, мы ўстрымліваемся. Для нас гэтая ўлада нічога добрага не прынесла. Мы уладу не прызнаем!». У выніку з 14 пажарных подпіс паставілі 3 чальцы брыгады. Ну а на сходзе Дзівінскага раённага спажывецкага саюзу супрацоўніца арганізацыі заявіла, што ёй не патрэбныя савецкія грошы і савецкая праца. Усе супрацоўнікі ўстановы адмовіліся падпісваць ліст Сталіну.
З такой «любоўю» палешукоў да ўлады, як не ўзгадаць словы пісьменніка з Піншчыны Фёдара Одрача (1912-1964): «Сельскае насельніцтва Палесся стала перад цалкам новай з’явай – пастаяннай сустрэчай з уладай (гаворка пра 1939 год – аўт.). Яшчэ перад Першай Сусветнай вайной паляшук вельмі рэдка сустракаўся з царскімі прадстаўнікамі ўлады, прыставамі або валаснымі чыноўнікамі. За польскім часам, па старой звычцы, паляшук, як правіла, ўхіляўся сустракацца з паліцэйскімі, гміннымі работнікамі і таму падобнае. Словам – далей ад улады! І былая царская „улада”, або больш позняя, польская, і не лезлі без патрэбы на сяло. З’яўленне польскага паліцэйскага ў сяле выклікала жахлівую сенсацыю. Наш селянін стагоддзямі знаходзіцца пад чужой уладай, арганічна не любіць гэтай улады і адчувае сябе кепска, калі ўлада наведвае яго роднае сяло».
А сяляне ўсё ж больш верылі падполлю і спадзяваліся на Захад
Пра гэта сведчыць наступная гісторыя. У адной з вёсак Дзівінскага раёна, пасля прамоў партыйных актывістаў слова ўзяла мясцовая жыхарка і заявіла, што калі бальшавікам трэба калгасы, то няхай самі там і працуюць і ўвогуле, хутка Польшча і Англія «дадуць гэтым вошыўцам».
Вось такая геапалітыка ад палешукоў, але адкуль такія думкі? Усё проста, агітатары Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) у сваіх улётках і прамовах гаварылі: «пасля разгрому Германіі Англія і Амерыка аб’явяць вайну Савецкаму Саюзу, а мы выкарыстаем гэты момант для захопу ўлады ва Украіне і ўсталюем самастойную ўкраінскую дзяржаву». Якім жа бокам частка беларускага Палесся да Украіны? Калі кораценька, то яшчэ з моманту аб’яўлення ў 1917 годзе Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) у Кіеве лічылі гэтыя тэрыторыі сваімі. Пасля падзення УНР, украінскі нацыянальны рух, ягоныя правадыры не адмаўляўся ад гэтых земляў. А ў часы нацысцкай акупацыі гэтыя землі ўвайшлі ў рэйхскамісарыят Украіна. Як мінімум былі фармальныя падставы, не кажучы ўжо пра розныя этнічныя, гістарычныя абаснаванні з боку ўкраінскіх мысляроў.
Падданніцкі ліст усё ж накіравалі
Пасля 3 ліпеня 1945 года газеты БССР паведамілі, што ліст правадыру падпісала 2 547 300 удзячных беларусаў. А ў сваёй прамове з нагоды гадавіны вызвалення Менска тагачасны кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка адзначыў: «…у Вялікай Айчыннай вайне беларускі народ адстойваў не толькі сваю любімую Радзіму – СССР, але і сваю любімую беларускую савецкую дзяржаву, створаную Леніным і Сталіным у 1919 годзе… У гэтай барацьбе яшчэ больш вырасла нацыянальная самасвядомасць беларускага народа».
Адкуль такая «нацдэмаўшчына» у думках кіраўнікоў савецкай Беларусі? Магчыма, што эфект мела міжнароднае прызнанне БССР, уваходжанне ў ААН, стварэнне свайго МЗСа. Тым ня менш наступныя святкаванні 3 ліпеня праходзілі без усілякага ўхілу на «нацыянальную самасвядомасць беларусаў». Верагодна Крэмль даў зразумець у чыім ценю знаходзіцца Менск.
А што ж нашае Палессе, наш тагачасны Дзівінскі раён? Доўга апраўдываліся мясцовыя функцыянеры партыйна-савецкіх органаў, усё звялі да дзейнасці антысавецкага падполля, казалі, што не даюць аніякага жыцця, закатавалі і запалохалі… Улетку 1945 года на Палессі працягвалася актыўная барацьба з антысавецкім элементам, але пра гэта пазней.
Ранейшыя публікацыі, прысвечаныя падзеям 1944-45 гадоў: «Барацьба з саветамі на Палессі ўлетку 1944 года», «Нацыяналісты лютуюць. Падзеі 75-гадовай даўніны», «Берыя Сталіну пра барацьбу з антысавецкім элементам», «Барацьба за Дняпроўска-Бугскі канал», «Як настаўніца з паплечнікамі рыхтавалася захапіць уладу», «Не арганізавалі насельніцтва супраць нацыяналістаў…», «Пралетарскай прапагандай па антысаветчыках!», «Падполле вядзе паляванне на партыйна-савецкі актыў», «Красавік 1945 года: «Мы ідэйныя барацьбіты з саветамі», «Напярэдадні перамогі: напады на міліцыю і вайскоўцаў».
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя