Адрэстаўраваны фільм „Ідзі і глядзі” пакажуць у Менску
Адрэстаўраваную ваенную драму рэжысёра Элема Клімава па сцэнарыі Алеся Адамовіча „Ідзі і глядзі” („Беларусьфільм”, „Масфільм”, 1985 год) пакажуць 19 сакавіка ў Доме кіно ў Менску да 75-годдзя трагедыі Хатыні.
Карціна была адрэстаўравана спецыялістамі кінаканцэрна „Масфільм” і ў 2017 годзе атрымала галоўны прыз на 74-м Венецыянскім кінафестывалі ў намінацыі „Венецыянская класіка” за лепшы адрэстаўраваны фільм.
***
Прэм’ера фільма „Ідзі і глядзі” адбылася летам 1985 года на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі, дзе ён быў удастоены „Залатога прыза” і адзначаны прэміяй FIPRESCI. За больш як 30 гадоў з моманту стварэння фільм станавіўся лаўрэатам многіх прэстыжных кінафестываляў. У 1985 годзе быў вылучаны ад СССР у лік прэтэндэнтаў на прэмію „Оскар” у намінацыі „Лепшы фільм на замежнай мове”.
Паводле даных апытання чытачоў часопіса „Советский экран”, „Ідзі і глядзі” быў прызнаны лепшым фільмам 1986 года, а пасля замацаваўся ў многіх кінарэйтынгах, у тым ліку і замежных. Фільм мае рэйтынг 95 працэнтаў „свежасці” па шкале Rotten Tomatoes. Па версіі часопіса Time Out, карціна займае шосты радок у спісе „50 лепшых ваенных фільмаў усіх часоў”, адначасова з’яўляючыся лепшым фільмам пра Другую сусветную вайну. У 2008 годзе брытанскі часопіс Empire ўключыў стужку ў спіс „500 найвялікшых фільмаў усіх часоў”. Па выніках апытання, праведзенага ў 2012 годзе брытанскім часопісам Sight & Sound сярод рэжысёраў, карціна заняла 30-е месца ў спісе лепшых фільмаў усіх часоў.