Адшуканы арыгінал фотаздымка Адама Станкевіча з пячаткай
У адным з прыватных архіваў адшуканы арыгінал вядомага фотаздымка беларускага каталіцкага святара, выдаўца, гісторыка, публіцыста, аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Адама Станкевіча (1892-1949).
З адваротнага боку здымка стаіць пячатка, на якой па-польску напісаны тэкст:
artystyczne atelier
Bronisława Miedzionisa
Wilno, ul. Wielka
koło Cerkwi Piatnickiej
firma istnieje od 1904 roku
У перакладзе на беларускую мову тэкст гучыць так:
Фотаатэлье Браніслава Мядзёніса, Вільня, вул. Вялікая, пры Пятніцкай царкве; фірма існуе з 1904 года.
Здымак быў зроблены менавіта ў спадара Браніслава Мядзёніса дзесьці ў 1937-1938 гадах. Гэты здымак друкаваўся ўжо ў кнізе Янкі Шутовіча “Ксёндз Адам Станкевіч: у 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915—10 студзеня 1940)”, якая была выдадзена ў 1940 годзе.
У той час у Вільні дзейнічала даволі шмат фотаатэлье. Чаму менавіта ў Браніслава Мядзёніса фатаграфаваўся Адам Станкевіч, застаецца загадкай. Альбо ксёндз з ім асабіста сябраваў, альбо проста гэта фотаатэлье было бліжэй да яго дома. Фотаздымак Адама Станкевіча атрымаўся дужа якасным і прыгожым. Пройдзе крыху больш за 10 гадоў і вялікі беларус будзе знішчаны ў Тайшэце Іркуцкай вобласці.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя