Свята „Адзін дзень з жыцця Гародні XVI стагоддзя”



Новы і Стары замкі ў старажытнай Гародні сталі месцам, дзе цягам дня адбываецца свята пад назваю “Адзін дзень з жыцця Гародні XVстагоддзя”.

Самай знакавай падзеяй на гэтым свяце стала прадстаўленне копіі  гравюры М. Цюнта і Г. Адэльгаўзэра 1568 года.

Распавядае кіраўнік кампаніі Imago.by, якая займалася аднаўленнем гравюры, Ілля Андрэеў:

– Мы скончылі свой праект, які цягнуўся больш за год, – рэканструкцыя гравюры Гародні Адэльгаўзера – Цюнта. Мы забралі літаральна тыдзень таму каляровы постэр, які выдадзены накладам тры тысячы выдавецтвам “Белкартаграфія” . Постэр гэты трапіць у гандлёвую сетку “Белкнігі”, патрапіць у бібліятэкі. 

Таксама каля Новага замку можна было пабачыць рэканструктараў, што прыехалі з фанда рэканструкцыі фартыфікацыі Берасця, кажа кіраўнік фонда Андрэй Верабей:

– Ствараем невялікую пляцоўку ў стылістыцы канца 16 стагоддзя. Паказалі невялікую вайсковую адзінку – пяхоту вугорскага тыпу ў Рэчы Паспалітай, якая з’явілася менавіта за Стэфанам Баторыем. Трохі рамёстваў у нас ёсць, бачыце рэплікі станкоў сталярных, шаўцы-краўцы, трохі сялянскай зброі для прасталюдзінаў.

Мерапрыемства каля Новага замку працягнецца яшчэ некалькі гадзін, дзе апроч знаёмства з гравюрай магчыма сфатаграфавацца з партрэтамі караля Рэчы Паспалітай, набыць кнігі па гісторыі , а дзецям паўдзельнічаць у розных забавах.

Фота Сяргея Апановіча

* * * 

 “Адзін дзень з жыцця Гародні XVI стагоддзя”  – мерапрыемства пад такой назвай пачалося ў Новым замку ў Гародні. Свята даўняй культуры з жывой сярэднявечнай музыкай і пляцоўкай з дзіцячымі гульнямі даўняй пары прысвечанае важнай для гораду падзеі – прэзентацыі адноўленай шматмятровай копіі гравюры М. Цюнта і Г. Адэльгаўзэра 1568 году.

Гэтая гравюра ёсць не толькі мастацкім творам, але і крыніцай звестак пра гісторыю і сацыялогію Гародні таго часу. Кажа заснавальнік і гаспадар крамы беларускіх тавараў “Цудоўня” Андрэй Несцяровіч:

– Гэта аграменнае палатно, на якім прадстаўлены фактычна ўсе сферы грамадскага жыцця XVI стагоддзя. Мастацкі твор, які адлюстроўвае ўсе ключавыя кропкі горада, якія існавалі на той момант. З ім звязаны цэлы шэраг даволі смешных кур’ёзаў. Напрыклад, Нёман цячэ ў іншы бок, а Каложа знаходзіцца на іншым баку таго самага Нёмана. Гэта было звязана з тым, што мастак, які адмалёўваў элементы, быў тут, а гравёр, які сядзеў у Нюрнбергу, ніколі не бачыў, як гэта выглядае ўжывую. Гэта гравюра ўражвае сваёй дэталізацыяй. Яе можна пад лупай разглядаць – ад элементаў строя, да паводзін сабачкі, які проста бегае па вуліцы.

Твор, ніводнай копіі якога ў Беларусі не захавалася, быў адноўлены Іллём і Валянцінай Андрэевымі (студыя imago.by). Раздрукоўку і шмат якія тэхнічныя пытанні вырашыла крама “Цудоўня”, паведаміў Андрэй Несцяровіч:

– Мы для гэтага мерапрыемства прывезлі сюды гравюры, аформілі дамову з ”Белкартаграфіяй” . Уласна тыя копіі гравюры, што прысутнічаюць на гэтым мерапрыемстве, з’явіліся дзякуючы нам. Мы цягам часткі працэсу рэканструявання дапамагалі, прадаючы маленькія копіі гэтай гравюры, і інфападтрымка таксама.  І тое, што яна адноўленая і яе можна пабачыць ужывую, ці набыць ейную копію ў амаль натуральную велічыню,  гэта падзея, гэта сапраўды падзея.

Мерапрыемства, прысвечанае аднаўленню гравюры, працягнецца да 17.00. Уваход вольны. Копію гравюры з выявай Гародні XVI стагоддзя можна набыць у час мерапрыемства альбо ў краме “Цудоўня”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня