Адзін з пачынальнікаў сучаснага беларускага тэатральнага мастацтва
Тры вялікіх тэатральных рэжысёра закладвалі падмурак сучаснага беларускага сцэнічнага мастацтва. Гэта Фларыян Ждановіч, Уладзіслаў Галубок і Еўсцігней Міровіч (1878-1952), якому 10 жніўня спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння.
Нарадзiўся Еўсцiгней Міровіч у 1878 годзе ў Пецярбургу ў сям’i Дунаевых, выхадцаў з Беларусi, якая ў пошуках сродкаў на iснаванне пераехала з Вiцебшчыны ў паўночную сталiцу Расеі. Закончыўшы драматычныя курсы iмя Волкава, Еўсцігней Мiровiч, насуперак вялiкаму супрацiўленню бацькоў, у 1900 годзе iдзе працаваць на сцэну. Адначасова з акцёрскай працай Мiровiч усё часцей i больш упэўнена звяртаецца да рэжысуры. Ён ужо не толькi iграе ролi, а i ставiць спектаклi. А з 1904 года выступае i ў драматургii. Адна за адной выходзяць яго п’есы — камедыйнага, парадыйнага, фарсавага, сатырычнага планаў.
У 1919 годзе па распараджэннi наркома асветы Луначарскага з групай артыстаў Еўсцiгней Міровіч прыязджае ў Беларусь. Накiроўваецца для абслугоўвання армейскiх часцей, насельнiцтва. Ён мог вярнуцца ў Петраград — ён жа быў жаданым для многiх калектываў. Але застаеца на радзiме бацькоў, у Беларусi, з якой звязвае ўсё далейшае творчае жыццё.
У першыя гады Мiровiч працуе акцёрам i рэжысёрам Менскага гарнiзоннага тэатра, Тэатра рэвалюцыйнай сатыры. На адкрытай пляцоўцы, даступнай тысячнай аўдыторыi, ставiць масавае дзейства.
У 1921 годзе яго запрашаюць на пастаноўкi ў Беларускi дзяржаўны тэатр, цяперашнi Нацыянальны акадэмiчны iмя Янкi Купалы, — у прыватнасцi, фальклорнай п’есы „На Купалле” Мiхася Чарота. Працуючы над сцэнiчным увасабленнем гэтага твора, Еўсцігней Мiровiч асаблiва дэталёва i дбайна вывучае побыт, звычаi беларускага народа, яго гiсторыю, традыцыi, яго фальклор, этнаграфiю. Пастаноўка „На Купалле” мела выключна вялiкi поспех у жыхароў Беларусi.
З канца 1921 года Мiровiч узначальвае Беларускi дзяржаўны тэатр i кiруе яго дзейнасцю з невялiкiм перапынкам на працягу дзесяцiгоддзя. Гэта быў вельмi плённы перыяд у працы калектыву. Зорным ён стаў i для творчасцi Мiровiча, для раскрыцця яго шматграннага таленту, хоць i быў звязаны з цяжкасцямi.
У 1931 годзе Еўсцiгнея Мiровiча змусiлi пакiнуць калектыў БДТ-1. Артысты ж заставалiся верныя настаўнiку.
Пакiнуўшы самы блiзкi сабе калектыў, Мiровiч тэатральную дзейнасць не спыняе. З 1937 года ён ажыццяўляе мастацкае кiраўнiцтва Беларускiм тэатрам юнага гледача.
У перыяд Другой сусветнай вайны Мiровiч зноў працаваў з купалаўскiм калектывам, паставiў тут тры чарговыя спектаклi, у якiх перш-наперш вырашаў педагагiчныя задачы. Уласна педагогiкай ён займаўся пастаянна, прынамсi, усе гады творчасцi ў Беларусi. I было зусiм заканамерна, што Еўсцігней Мiровiч, маючы агромнiстую практыку, тэатральны вопыт, завершыць свой шлях „чыстай” педагогiкай. Ён яшчэ ў даваенныя гады, калi было створана Рэспублiканскае тэатральнае вучылiшча, узначальваў яго мастацкую частку. А ў 1945 годзе рэжысёр і акцёр Мiровiч арганiзоўвае Беларускi дзяржаўны тэатральны iнстытут, ажыццяўляе яго мастацкае кiраўнiцтва i ўсе сiлы аддае выхаванню акцёрскай змены.
Беларускае Радыё Рацыя