“Адзін з першых”: кніга пра журналіста і Беларуса



Выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка” выдала кнігу памяці пра журналіста і Беларуса Зміцера Кіселя, які працаваў у “Пагоні” і “Ніве”, быў стваральнікам беларускіх арганізацый, рухаў і палітычных партый. Зміцера не стала ў 2005 годзе і выданне было падрыхтавана да яго 55-годдзя. Кніга мае назву “Адзін з першых” і яна складзена з артыкулаў Зміцера Кіселя, здымкаў і ўспамінаў пра яго сяброў і калегаў.

Пра свайго сябра і калегу распавядае Уладзімір Хільмановіч:

– Мы разам працавалі, можна сказаць, сябравалі, таму што былі аб’яднаныя беларускімі справамі, разнастайнымі прычым, пад эгідай Льва Сапегі, пад эгідай Грамады, яшчэ раней у гісторыка-культурным клубе “Паходня”, потым у Беларускім Народным Фронце. Зміцер Кісель быў знакавай асобай для горада, хоць можа быць мала прыкметнай, можа без яркай харызмы, але ён удзельнічай ад пачатку ў 80-х гадах у стварэнні розных беларускіх суполак.

Праваабаронца Віктар Сазонаў узгадвае, што нават кватэра Зміцера Кіселя была сваеасаблівым цэнтрам Беларушчыны.

– Я бачыў, як да яго да хаты прыязджалі беларусы адкуль толькі заўгодна. Едуць з Польшчы да нас, спыняюцца ў яго, едуць ад нас у Польшчу, спыняюцца ў яго. Гэта быў асяродак беларускасці ў ягонай хаце. Калі мы ўжо сталі працаваць разам, то мы такі асяродак зрабілі ў нашым офісе, куды збіраліся людзі, якія былі заангажаваныя беларускай ідэяй. Гэта быў чалавек, у якога ў сям’і бацька, маці былі палітвязнямі, і ён на досведзе сваёй уласнай сям’і ведаў, што такое бальшавізм, што такое пераследы, што такое адраджэнне.

Сустрэча – прэзентацыя кнігі памяці пра Зміцера Кіселя адбудзецца ў Гародні ў лістападзе ў Цэнтры гарадскога жыцця Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя