Афіцыйны „Дзень народнага адзінства”: які лёс яго чакае наперадзе?



З нагоды правядзення 28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку Народнага Сходу Заходняй Беларусі і неўзабаве прыняцця рашэння Менскам пра ўключэнне гэтых тэрыторый у склад БССР, дзяржаўная прэса ў чарговы раз падкрэсліла важнасць з’яўлення ў рэспубліцы новага свята.

Зноў прагучалі прапановы пра неабходнасць аб’яўлення з наступнага года 17-га верасня выходным днём, бо маўляў сёлета грамадзяне “з вялікім імкненнем і душэўным парывам” адзначылі новаяўленаны Дзень народнага адзінства. І сапраўды, а чаму б і не надаць такі статус? Асабліва калі ведаеш, што бліжэйшыя два гады яно і без таго будзе не працоўным для большай часткі людзей, бо выпадзе на суботу і нядзелю. А што там далей? Ды няхто з “дзяржаўных мысляроў” так далёка ў сваіх думках не забягае, чамусьці ёсць такая ўпэўненасць. Становішча, як у той казцы: “нам бы толькі ноч прастаяць ды дзень пратрымацца”.

Народны Сход у Беластоку.

Увогуле, правільна казаць – так званае новае свята, бо нешта аналагічнае ўжо існавала ажно да 2004 года, толькі ніхто на яго не звяртаў увагі, нікому яно было не цікавае і не запатрабаванае людзьмі. Пра гэта крыху пазней, а зараз прыгадалася некалькі адносна нядаўніх момантаў.

У 2009 годзе, калі набліжалася 70-годдзе ўваходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну, тады частку Польшчы, якая вяла барацьбу з гітлераўскай Нямеччынай, ад шэрагу грамадскіх ініцыятыў і арганізацый, якія мелі адкрыта прарускія пазіцыі, прагучала ідэя зрабіць 17-е верасня Днём уз’яднання беларускага народа. Нават тагачасны старшыня Берасцейскага аблвыканкама Канстанцін Сумар станоўча паставіўся да прапановы. Пра нешта такое балбаталі ўсё тыя ж прадстаўнікі “рускага свету” і ў 2014 годзе. Але ў абодвух выпадках кіраўніцтва краіны не пайшло на сустрач. Ніхто не адмаўляў знакавасці падзей верасня 1939 года ў гісторыі Беларусі, гэта і смешна рабіць, але і ўсталёўваць такое свята палічылі недарэчным.

Выбары дэлегатаў Народнага Сходу.

Што ж такога здарылася за дзесяцігоддзе, каб амаль тыя ж самыя чыноўнікі на чале з бяссменным правадыром так кардынальна змянілі ўласныя погляды? Няўжо паўсталі нейкія праблемы паміж захадам і ўсходам краіны? Не. Няўжо толькі зараз грамадства асэнсавала важнасць тых лёсавызначальных восеньскіх дзён? Не. Народ раскалоўся і з’явілася пагроза грамадзянскай вайны? Не.

Усё штучна. Бадай “дзяржаўныя мысляры” пераследвалі дзве асноўныя мэты. Па-першае: паспрабаваць праз цяжкае мінулае вырашыць сучасны палітычны крызіс. Часам гісторыя сапраўды робіць нацыю маналітнай, прыбірае вострыя штодзённыя праблемы. Напрыклад у СССР у такім рэчышчы актыўна выкарыстоўвалі трагізм і веліч перамогі над нацыстамі. Па-другое: адкравенная спроба “пакусаць” Польшчу. Помства, за тое, што столькі прыняла палітычных уцекачоў, падтрымала альтэрнатыўную Беларусь і г.д. Здаецца, нават савецкая прапаганда столькі не казала пра прыгнёт “панамі беларускіх мужыкоў”. Шчыра кажучы, яшчэ б крыху і калектыўнае БТ дагаварылася да “генацыда палякамі беларусаў ў 1921-1939 гадах”. Пры гэтым на самым версе не зразумелі, што ўсёй мітуснёй вакол 17-га верасня, аб’ўленнем па ўказцы адзінства, самі распісаліся ў наяўнасці вялікіх праблем. Вырашыць якія ўсталяваннем дзяржаўнага свята не магчыма.

Як ужо адзначалася раней, трызненне вакол увядзення ў ранг дзяржаўных святаў восеньскія падзеі 1939 года далёка не новае. 14 верасня 1989 года ў Менску на паседжанні гарадскога камітэта Кампартыі, ветэраны колішняй Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), сярод іх прысутнічаў пісьменнік Максім Танк, выказаліся за ўсталяванне у БССР грамадска-палітычнага свята – Дня ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР. Датай абралі 14 лістапада, бо ў 1939 годзе ў гэты дзень сесія Вярхоўнага Савета БССР пастанавіла: “Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і аб’яднаць тым самым беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве”.

Праз тыдзень сакратар Менскага гарадскога камітэта Кампартыі Уладзімір Галко перадаў прапанову Танка і яго таварышоў кіраўніцтву КПБ. Неўзабаве, 11 студзеня 1990 года, з’явілася адпаведнае рашэнне Вярхоўнага Савета БССР за подпісам тагачаснага старшыні Мікалая Дземянцея. У ім гаварылася: “Улічваючы важнае гістарычнае значэнне ў лёсе беларускага народа ўз’яднання 14 лістапада 1939 года Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР пастанаўляе: Аб’явіць 14 лістапада Днём уз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР”.

Усё засталося на паперы, ўжо нават ў 1991 годзе на гэты дзень у календары аніхто не звярнуў увагі. Беларусь адраджалася, грамадства абуджалася, пачалося будаўніцтва новай незалежнай краіны. З’явіліся святы, якія сапраўды былі напоўненыя духоўным сэнсам, адлюстроўвалі імкненне беларусаў заняць годнае месца сярод вольных народаў: 27-е ліпеня, Радаўніца, Дзяды…

Газета “Літаратура і мастацтва”, 23 лістапада 1939 года.

Неаднаразова ўзгадвалася імя выбітнага прадстаўніка айчыннай літаратуры. Дык ён шчыра верыў камуністам з маладосці, хваляваўся за лёс падзеленага народа і цярпеў за свае перакананні. Прыгадаліся ўспаміны ўкраінамоўнага пісьменніка, настаўніка з Піншчыны Фёдара Одрача, які ў восень 1939 года знаходзіўся ў Вільні і назіраў за паводзінамі Максіма Танка. Пра тое падрабязана распавядала нашае радыё ў артыкуле “Цягніком з Вільні ў Пінск”.

(…) “Вочы яго былі звернутыя на ўсход – спадзяваўся ён шмат ад бальшавікоў…”, – так Одрач піша пра класіка беларускай літаратуры Максіма Танка. Ён не разумее, чаму той чакаў і сустракаў Чырвоную Армію. Дадае:“Нават сядзеў за камунізм у Лукішках (вядомая літоўская турма, знаходзіцца ў цэнтры Вільні, – аўт.). Праўда, яго суд апраўдаў і гэта паказала, што ён не належыў да падпольных актывістаў”. Маецца на ўвазе да тэрарыстычных груп. Сапраўды Максім Танк удзельнічаў у камуністычным руху, як і шмат іншых беларусаў Віленшчыны. У гэтам няма нічога дзіўнага. Ганебную Рыжскую дамову 1921 года, па якой штучна падзялілі Беларусь на два кавалкі, не прызналі ў беларускім асяроддзі. Прычым, як нацыянальна арыентаваныя дзеячы, так і левых поглядаў. Усе шчыра імкнуліся да ўз’яднання. Канечне, метады былі розныя. Хтосьці глядзеў у бок чырвонай Масквы, хтосьці спадзяваўся на заходнія краіны і самую Польшчу. Дарэчы, многія чальцы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), як і іншых больш-менш прасавецкіх арганізацый, сталі ледзь не першымі ахвярамі сталінізма…  

29 красавіка 2004 года рашэнне Вярхоўнага Савета БССР “Аб аб’яўленні 14 лістапада Днём уз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР” адмянілі. Дарэчы, ініцыятыва Максіма Танка і яго пабрацімаў па камуністым руху нават самой назвай мела больш канкрэткі і сапраўды ўшаноўвала відавочную гістарычную падзею. Цяпер жа ўлада наўпрост прывязалася да даты і “фаршыруе” сэнс свята на свой густ: ад вызвалення беларусаў з крывавых абдымкаў польскіх паноў да непадзельнасці грамадства, стабільнасці краіны…

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя