Агінскія на канвертах, паштоўках і каляндарыках
Слонімскі раённы аддзел Саюза палякаў Беларусі ў 1990-х гадах (год не пазначаны) выпусціў паштоўку, прысвечаную Слоніму. На паштоўцы адлюстравана 6 фотаздымкаў горада над Шчарай, герб Слоніма і па-беларуску, і па-польску напісана: Слонім. Сярод фотаздымкаў – малы канал Агінскага ў Слоніме (сучаснае фота і фотаздымак першай паловы ХХ стагоддзя, а таксама слонімскі староста, гетман і фундатар будаўніцтва канала Агінскага Міхал Казімір Агінскі (1730-1800).
У 2002 годзе Белпошта выпусціла канверт, прысвечаны Міхалу Клеафасу Агінскаму. На канверце адлюстраваны рэзідэнцыя Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна і марка з выяваю Агінскага. Аформіў канверт мастак Ф.Ястраб.
Алесь Масюк і Сяргей Чыгрын у Слоніме ў 2008 годзе выпусцілі паштоўку са сваімі знакамітымі землякамі: Львом Сапегам, Міхалам Валовічам і Міхалам Казімірам Агінскім.
Да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага Белпошта прыпаднесла падарунак – канверт, на якім адлюстраваны палац Агінскага ў Залессі і партрэт Міхала Клеафаса Агінскага на месцы паштовай маркі. З другога боку канверта напісана кароткая біяграфія дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, дыпламата, кампазітара, удзельніка паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, аўтара знакамітага паланэза ля-мінор “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага. Аформіў канверт мастак М.Рыжы.
Сябры Вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і выдавецтва газеты “Волат” у 2015 годзе выпусцілі некалькі паштовак, прысвечаных выдатнаму ліцвіну Міхалу Клеафасу Агінскаму – кампазітару, дзяржаўнаму і вайсковаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, удзельніку паўстання Тадэвуша Касцюшкі 1794 года, аўтару вядомых паланэзаў, сярод якіх і паланэз “Развітанне з Радзімай”. На паштоўках адлюстраваны партрэт Міхала Клеафаса Агінскага аўтара Фабро, XIX стагоддзя, капліца ў Гануце (Ручыца) Вілейскага раёна, якая была пабудавана ў 1765 годзе разам з палацам Агінскіх. Архітэктурны стыль капліцы – позняе барока з рысамі ракако. І паштоўка з маёнткам Ганута, які маляваў Напалеон Орда.
Сябры Вілейскай суполкі выдалі таксама і каляндарык з выявай маёнтка Ганута.
Актыўным сябрам Вілейскага таварыства быў Аляксей Лужынскі (1988-2015), які рана памёр. У Вілейцы ён зрабіў свае ўласныя канверты з выяваю М.К.Агінскага. І дасылаў іх сябрам і знаёмым.
Слонімскі драматычны тэатр напрыканцы 2018 года выпусціў кішэнны каляндарык на 2019 год з партрэтам Міхала Казіміра Агінскага, як пачынальніка тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне.
Вось бадай і ўсё ўшанаванне знакамітых Агінскіх на канвертах, паштоўках і каляндарыках.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя