Агляд тыдня



Увесь мінулы тыдзень ладзіліся культурніцкія акцыі ў звязку з Ноччу расстраляных паэтаў: людзей культуры і навукі, якіх у 1937 годзе знішчылі, фактычна паралізаваўшы развіццё беларусаў як нацыі.

Апошнія шэсць гадоў акцыі завуцца «Нерасстраляныя паэты», бо памяць пра творцаў адраджаецца.


Армія абароны Ізраілю пачала наземную вайсковую аперацыю ў сектары Газы. Перад тым Ізраіль паставіў рэкорд па мабілізацыі вайсковых у суадносінах колькасць і час: больш за трыста пяцьдзясят тысяч чалавек за трое сутак. Гаворка пра тое, што практычна ўсе ішлі дабраахвотна.

7-га кастрычніка тэрарысты ХАМАСу атакавалі Ізраіль, забілі больш за 1400 чалавек. Не менш за дзве сотні ўзялі ў палон. Усё суправаджалася жахлівымі здзекамі, у тым ліку над дзецьмі.

Цяпер да Ізраілю набліжаецца вайсковы флот ЗША. Чакаецца, што амерыканскія вайсковыя дадуць ізраільскім саюзнікам дадатковую супрацьпаветраную абарону.

Тым часам ХАМАС назваў Расею сваім найбліжэйшым сябрам.


Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Павел Горбач з пазыўным «Борт».


У Карэлічах: АМАП затрымліваў людзей у мясцовай паліклініцы, доме культуры і райвыканкаме. Усё праз падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Падобная гісторыя з хапуном на Лідскім піўным бровары.

Больш за тры гады мінула з падзеяў Беларускай рэвалюцыі, а праціўнікаў лукашызму не паменела. Прыблізна такі пасыл ідзе ад дзейнасці карнікаў у пагонах.


Арганізацыя былых сілавікоў, якія выступілі супраць лукашызму, – BYSOL запускае курсы перападрыхтоўкі для былых палітзняволеных.

27 кастрычніка фонд салідарнасці BYSOL паведаміў пра адкрыццё бясплатных курсаў па маркетынгу, англійскай мове, SEO (пошукавы маркетынг), SMM (прасоўванне ў сацыяльных сетках) і асновах вэб-дызайну.

Магчымасць прапануецца і тым, хто цяпер адбывае дамашнюю «‎хімію»‎.

Курсы пачынаюцца напрыканцы кастрычніка, у кожную групу набіраюць ад 10 да 20 чалавек. Падрабязней пра напрамкі і навучанне можна азнаёміцца на сайце BYSOL


28 кастрычніка ў Гданьску пачала працу Прастора беларускай традыцыйнай культуры, якую стварылі этнамузыколаг, магістарка музычнага мастацтва Вольга Барышнікава, выкладчыца традыцыйных танцаў і майстрыха традыцыйнага адзення Марыя Латышава і майстрыха традыцыйнага касцюма Аляксандра Шалухіна.


На мінулым тыдні чарговы раз была абвешаная прэмія імя Францішка Аляхновіча.

Прэмія ўручаецца за лепшы твор аўтару, які быў у зняволенні. Заснавальнікі – беларуская служба «Радыё Свабода» і беларускі ПЭН-цэнтр. Прэмія была заснаваная ў 2013 годзе.

Сёння ў лукашэнкаўскіх засценках знаходзіцца 31 чалавек, якія ў тым ці іншым фармаце працуюць са словам.

Першы атрымальнік прэміі – Ігар Аліневіч. У лістападзе бягучага году будзе прэм’ера спектаклю паводле кнігі беларускага анархіста Ігара Аліневіча «Еду в Магадан».


Telegram-канал бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане прызнаны «экстрэмісцкім»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Лідскага раёну 23 кастрычніка. «Экстрэмісцкім» таксама прызнаны і лагатып telegram-каналу.

Таксама ў другі раз «экстрэмісцкім» быў прызнаны тэлеграм-канал «Вясна- Брэст» – 24 кастрычніка судом у Баранавічах. У мінулым годзе гэта ўжо зрабіў суд Чыгуначнага раёну Гомеля.