Агратурызм з любоўю да чалавека
“Фальварак у Рыся”, што знаходзіцца ў Свіслацкім раёне, стаў пераможцам рэспубліканскага конкурса на лепшую аграсядзібу. За права атрымаць гран-пры спаборнічала больш за сорак турыстычных аб’ектаў з усёй краіны.
За час існавання гаспадары сядзібы неаднаразова ўдзельнічалі ў міжнародных праектах Арганізацыі аб’яднаных нацыяў і дзякуючы падтрымцы гэтай уплывовай міжнароднай структуры маюць магчымасць дапамагаць дзецям-інвалідам. Пры аграсядзібе дзейнічае сацыяльна-дабрачынная арганізацыя “Дарогаю дабра”, якая, на думку гаспадыні “Фальварка у Рыся” Яніны Козюк, дае добрыя магчымасці маладым інвалідам адаптавацца ў грамадстве:
– Яны занятыя справай, а не толькі ахопленыя клопатам і любоўю. Яны адчуваць, што патрэбныя людзям, што яны разам з намі. Я, мая сям’я, мае дзеці становімся лепшымі, знаходзячыся побач з імі. І самае галоўнае, калі ты аддаеш, то ты атрымліваеш удвая больш. І калі ты дапамагаеш другому чалавеку, то і твае жаданні збываюцца.
Аграсядзіба “Фальварак у Рыся” знакамітая сваімі прапановамі коннага адпачынку. Тут таксама дзейнічае этнаграфічны падворак з хаткаю ганчара і ткачыхі, дзе створаны музей і праводзяцца майстар-класы для наведвальнікаў.
Сядзіба знаходзіцца ў непасрэднай блізасці ад мястэчка Поразава.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота falvarak.com і trutravel.ru