Агучана сума сабраных ахвяраванняў на аднаўленне Будслаўскай святыні



Больш за 490 тысячаў рублёў сабрана вернікамі, каб ліквідаваць пашкоджанні пасля пажару ў знакамітым касцёле ў Будславе. Пра гэта паведамлена на адмысловай прэсавай канферэнцыі ў Менску.

Па словах ксяндза і і намесніка старшыні камісіі па аднаўленні будслаўскай святыні Юрыя Санько, гэта дазваляе рабіць першыя крокі па яе ўзнаўленні:

– Ужо заключаюцца дамовы і праводзіцца агульнае даследаванне – якаснае, вялікае. Ужо нават аплацілі мы 40% працы. Таксама ідуць працы па тым, каб усталяваць часовы дах, каб абараніць будынак ад дажджу. І, канешне, вялікая ўдзячнасць валанцёрам, таму што тыя працы, якія былі праведзеныя, і кошты, каб наймаліся будаўнікі для разбору, напрыклад, скляпенняў, былі б значна большыя. Але дзякуючы працы валанцёраў, мы змаглі гэта зрабіць задарма. Прыехалі прафесіяналы-альпіністы, якія працавалі не адзін дзень, каб расчысціць скляпенні.

На сённяшні дзень  гэтыя працы ўжо скончаны. Зараз высілкі сканцэнтраваны на узнаўленне даху, каб абараніць касцёл ад дажджоў, – кажа Юрый Санько.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: catholic.by