Агульнанакцыянальная 14-я дыктоўка стартавала на Лідчыне
На Лідчыне чакаецца масавае напісанне 14-й Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Асноўны дзень дыктоўкі – 19 лютага. У гэты дзень будуць пісаць беларускую дыктоўку ў дзяржаўных установах. Грамадскія арганізацыі і ініцыятывы таксама выбіраюць прымальныя дні ў акрэсе 21 лютага.
Першымі распачалі Агульнанацыянальную дыктоўку 2021 года лідскія курсы “Мова нанова”. Дыктоўка пісалася ў лідскай кавярні “Тутака”.
Тэкст па раману “Глыбокая плынь” Івана Шамякіна чытала кіраўнік курсаў, сябар Лідскай гарадской рады ТБМ Марыя Ганчар. І вынікі ўжо ёсць: дыктоўку напісалі вельмі добра – не больш трох памылак.
Дыктоўка была аздоблена міні-канцэртам намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ барда Сержука Чарняка.
У дыктоўцы прымаў удзел намеснік старшыні ТБМ імя Ф. Скарыны, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.
Акрамя дыктоўкі на Лідчыне да Дня роднай мовы спланавана шэраг самых розных мерапрыемстваў, у тым ліку і канцэрт у Палацы культуры 19 лютага.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда
Фота аўтара