Агульная дыктоўка з “Лідскім півам”
Кампанія “Лідскае піва” ладзіць агульную дыктоўку. Гэта сацыяльна-культурніцкі праект, які накіраваны на развіццё і падтрымку беларускай мовы. Усе ахвотныя пасля адпаведнай рэгістрацыі на сайце кампаніі, могуць прыйсці ў Нацыянальную бібліятэку, каб напісаць дыктоўку і там праверыць сваё веданне беларускай мовы. А тыя, хто не змогуць туды патрапіць, маюць магчымасць далучыцца да астатніх праз прамую трансляцыю па Нацыянальным радыё і ў інтэрнэце. Адна з такіх паралельных дыктовак будзе арганізаваная і на Лідчыне, у вёсцы Пескі, аграсядзіба “Гасціна”.
Далучыцца да кампаніі заклікае сябра рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Станіслаў Суднік.
– Калі б уся Беларусь села за гэтую Нацыянальную дыктоўку, то гэта былі б не тысячы і не дзясяткі тысяч, а сотні тысяч, якія з’ядналіся адной ідэяй, што для нашага народа, для нашай нацыі на дадзеным этапе вельмі важна.
Агульная дыктоўка будзе прысвечаная 400-годдзю першага беларуска буквара. Чытаць тэкст будзе спявачка і акторка Руся.
Агульная дыктоўка адбудзецца 2 чэрвеня. Пачатак мерапрыемства і прамой трансляцыі ў 11:30. Пачатак дыктоўкі ў 12:20.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда