“Айчына” ў Паўночных Афінах
19 жніўня, як раз на Яблычны Спас, у музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна прайшла сустрэча з аўтарамі кнігі “Айчына” – пісьменнікам Уладзімірам Арловым і мастаком Паўлам Татарнікавым.
Лаўрэаты прэміі Цёткі за лепшы твор для дзяцей і падлеткаў змаглі распавесці пра нашу краіну ды яе гісторыю ярка і таленавіта… Не менш цікава яны распавялі пра кнігу і сваю творчасць прысутнай у зале неабыякавай – насумерак неймавернай гарачыні! – аўдыторыі.
Дырэктарка музея Людміла Градзіцкая вітае гасцей і прэзентуе сувеніры ад музея
Уладзімір Арлоў прадставіў сваіх спадарожнікаў – перакладчыкаў Ганну Янкуту ды Ігара Крэбса, а таксама суаўтара – Паўла Татарнікава. Насамрэч цяжка ўявіць тэксты Арлова без ілюстрацый Татарнікава: Бона Сфорца, Скарына, Агінскі, Радзівілы – пра іх нельга распавесці дзецям і падлеткам выключна тэкстамі!
– Я нарадзіўся ў год Змяі па ўсходнім календары і ў год смерці Сталіна па календары савецкім у радзільні насупраць Сафійскага сабора ў Полацку пад знакам Дзевы. Думаю, што месца нараджэння і вызначыла мой лёс… Пошукі падземных хадоў і дабірынтаў прывялі мяне ў рэшт на гістарычны факультэт БДУ, а потым і да гістарычнай тэмы ў маіх літаратурных занятках. У жыцці прафесійнага літаратара – а я ўжо 20 займаюся выключна напісаннем кніг для дзяцей і дарослых – выхад кожнай кнігі можна параўнаць з нараджэннем дзяцей. У кніг ёсць своё лёс… І гэта асобная кніга! Вось і “Айчына” бярэ свой пачатак з кнігі “Адкуль наш род”, чатыры наклады якой былі паспяхова распрададзены.
Уладзімір Арлоў
Павел Татарнікаў
Кніга выйшла ў 90-х, трапіла ў школьную праграму і стала папулярнай насуперак даносу, напісанаму ў Адміністрацыю прэзідэнта адным з членаў-карэспандэнтаў Акадэміі навук. Маўляў, спадар Арлоў дрэнна піша пра расейскага імператара Пятра I… Але ж што было, то было. У кожнай краіны свае героі.
Апошнім штрыхом сустрэчы стала ракета, запушчаная Паўлам Татарнікавым на газоне перад палацам Агінскіх (малыя гледачы былі ў захапленні!) Метад Казіміра Семяновіча ў дзеянні! Аўтар вядомай кнігі “Вялікае мастацтва артылерыі” і намеснік артылерыі ўсёй Рэчы Паспалітай стаў адным з герояў-персанажаў кнігі “Айчына”.
“Айчына” – гэта па сутнасці “Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя” для дзяцей і падлеткаў. “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі” – першая частка запланаванай аўтарамі трылогіі пра нашу гісторыю і найбольш выбітных яе асобаў. Другая частка будзе прысвечана 19 ст. (“Ад Літвы да Беларусі”), а трэцяя – пераходу ад БНР да незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя
Фота аўтаркі