«Айчыну» Уладзіміра Арлова раскупілі за месяц
«Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» Уладзіміра Арлова і мастака Паўла Татарнікава выйшла з друку ў сярэдзіне студзеня. Ужо праз месяц аўтарам стала зразумела, што час друкаваць дадатковы наклад — чарговыя тры тысячы кніг. Днямі іх прывезлі ў Менск.
«Хоць тры тысячы і не шалёная лічба, але для беларускай кнігі гэта вельмі істотна, тым больш, што іх прадалі ўсяго за адзін месяц, — кажа nn.by Глеб Лабадзенка, які разам з выдавецтвам «Тэхналогія» займаецца распаўсюдам «Айчыны». — Многія беларускія кнігі сёння выдаюць накладам 100, 200, 300 асобнікаў. Канешне, калі ўзяць у рукі кнігі на беларускай мове пачатку 90-х гадоў, можна сустрэць наклад у 100 тысяч асобнікаў, але сёння пра гэта можна толькі марыць. «Айчына» шыкоўна надрукаваная, каштуе яна нятанна, таму яшчэ больш нечакана, што ў наш няпросты час так шмат людзей дазволілі сабе набыць яе. Гэта натхняе».
Як заўважае Лабадзенка, «Айчыну» набывалі найперш звычайныя людзі. Павальна бралі па некалькі асобнікаў, многія набывалі па тры, а некаторыя замаўлялі адразу па пяць ці шэсць кніг.
«Не магу раскрываць імёнаў, але адзін з самых вядомых у Беларусі футбалістаў узяў адразу 10 кніг. Яны сустрэліся з Уладзімірам Арловым, вельмі цёпла паразмаўлялі на беларускай мове, — дадаў Глеб. — Зноўку ж, не магу назваць імя, але замовіў адразу некалькі кніг адзін з вельмі высокапастаўленых людзей у Беларускай праваслаўнай царкве».
Адначасова з выхадам дадатковага накладу аўтары запусцілі адмысловы сайт Айчына.бел, дзе можна пабачыць старонкі з кнігі, паглядзець малюнкі, пачытаць пра аўтараў, пра другую частку, якая ўжо рыхтуецца да друку, ды замовіць сабе колькі асобнікаў маляўнічай гісторыі. Тут жа можна адсочваць, калі плануюцца сустрэчы з Арловым і Татарнікавым.
Бліжэйшая аўтограф-сесія аўтараў з магчымасцю набыць кнігу пройдзе ў кнігарні «Акадэмкніга» (праспект Незалежнасці, 72) у панядзелак, 13 сакавіка, з 18 да 20 гадзін.