Айцец Сяргей Стасевіч: Найперш важная сутнасць Свята Вялікадня
Сёння – Велікодны панядзелак у рыма-каталікоў ды пратэстантаў. У адзін час з імі Вялікодныя Святы адзначаюць і беларускія грэка-каталікі. У той жа ж час, большасць праваслаўных вернікаў прытрымліваецца Юліянскага каледара.
Пра розныя календары і метады вылічэння даты Вялікадня Беларускае Радыё Рацыя пагутарыла са святаром беларускай каталіцкай місіі ў Лондане, айцом Сяргеем Стасевічам.
Радыё Рацыя: Айцец Сяргей, беларускія грэка-каталікі адзначаюць Вялікдзень паводле Грыгарыянскага календара, а вось, напрыклад, украінскія грэка-каталікі – паводле Юліянскага. Як так сталася?
Айцец Сяргей Стасевіч: Справа ў тым, што першыя грэка-каталіцкія календары, якія патрапілі ў Беларусь з Захаду, былі зробленыя для нашай місіі ў Лондане, якая ад самога пачатку святкавала Вялікдзень разам з заходняй Царквою, паводле Грыгарыянскай Пасхаліі. Такім чынам, праз такую практычную рэч, у нас, можна так сказаць, завёўся “новы стыль”.
РР: Ці ставілася ўмова пераводу беларускіх вернікаў на Грыгарыянскі каляндар падчас падпісання царкоўнай Уніі ў Берасці? Паводле якога календара ў ранейшыя часы адзначалі Вялікдзень беларускія ўніяты? Ці захаваліся нейкія звесткі?
Айцец Сяргей Стасевіч: Беларусы заўсёды святкавалі паводле Юліянскага календара. Не было такой умовы ў Берасцейскай Вуніі і быць не магло, таму што калі б такая ўмова падпісання Уніі была, ніхто б яе не прыняў.
Хацеў бы дадаць некалькі слоў пра календары, пра Пасхаліі. Я не думаю, што гэта вялікая праблема, калі святкаваць Вялікдзень. Ці разам з заходняй Царквой, ці разам з большасцю ўсходніх Цэркваў. Усё ж такі Пасхаліі і календары – гэта справа чалавечая. Яны могуць мяняцца. Самае галоўнае – гэта тыя праўды, якія мы пераказваем. Тое, што пазачасавае. А каляндар, ён вымярае за сабой час. У Бога няма часу.
РР: Вы ўзгадалі, што большасць усходніх Цэркваў прытрымліваецца Юліянскага календара. То бок большасць, але не ўсе. Напрыклад беларускія грэка-каталікі карыстаюцца Грыгарыянскім календаром. А што датычыць Праваслаўных Цэркваў, ці ва ўсіх краінах Вялікдзень адзначаецца паводле Юліянскага календара?
Айцец Сяргей Стасевіч: У некаторых Праваслаўных Цэрквах ёсць Грыгарыянскі каляндар, напрыклад, у Румыніі. У некаторых ёсць такая практыка так званага Неаюліянскага календара, калі святы нерухомыя, такія як Божае Нараджэнне, Дабравешчанне святкуюцца паводле новага, так бы мовіць, Грыгарыянскага календара, а святы рухомыя, звязаныя з Вялікаднем – паводле Усходняй, Юліянскай Пасхаліі. Гэта называецца Неаюліянскі каляндар. Магчыма трохі заблытана гучыць для непасвечаных, але ёсць такія мадэлі. Ёсць палавінчатая мадэль – Неаюліянскі каляндар, ёсць Юліянскі, ёсць Грыгарыянскі. Незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, ці то каталікі, ці ўсходнія каталікі, ці праваслаўныя, Цэрквы маюць такія календары. Вось напрыклад, Румынія: грэка-каталікі маюць Юліянскі каляндар, праваслаўныя – Грыгарыянскі.
РР: Ці ёсць такая магчымасць, што дата адзначэння Вялікадня калісьці стане нерухомай?
Айцец Сяргей Стасевіч: Ад самога пачатку было зроблена так, што гэта дата рухомая, таму што там ёсць свае складаныя прынцыпы вылічэння Вялікадня.
Як Вам сказаць, гэта дата сімвалічная. Калі мы ўсведамляем, што галоўнае – гэта сэнс, які стаіць за ёй, а не сам прамежак часу, у які гэта адбылося, вось тады ўсё становіцца на свае месцы. Хрыстос памёр і ўваскрос пазачасава, па-за прасторай і па-за месцам, паколькі Ён – Збавіцель усіх людзей, усяго чалавецтва. Вось гэта наша хрысціянскае сведчанне свету.
РР: То бок усе хрысціяне незалежна ад канфесіі, календара маюць яднацца ў радасці гэтага Свята, бо ўсё астатняе – досыць сімвалічна?
Айцец Сяргей Стасевіч: Менавіта. Усё астатняе – другасна. Усе гэтыя рэчы былі абумоўлены гісторыяй, нават развіццём астранамічных ведаў, таму што, як мы ведаем, Грыгарыянская рэформа календара надышла ў сувязі з развіццём тагачасных навуковых ведаў. Усё гэта – рэчы людскія, і яны не павінны нас раз’ядноўваць, таму што мы верым у аднаго ўваскрослага Хрыста.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарка ў гукавым фармаце