Акторы тэатра імя Горкага падтрымалі купалаўцаў



Акторы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага падтрымалі сваіх калег з Купалаўскага тэатра ў іх грамадзянскай пазіцыі.

Адкрыты ліст калектыву, пад якім падпісалася каля 40 супрацоўнікаў тэатра, размешчаны ў сацсетках.

„Разбурэнне найстарэйшага творчага калектыву, які з’яўляецца флагманам беларускай тэатральнай культуры і сапраўдным нацыянальным здабыткам, лічым недапушчальным”, — заяўляюць супрацоўнікі Горкаўскага тэатра.

Яны заклікаюць улады „неадкладна спыніць беспрэцэдэнтныя акты гвалту і прыніжэння чалавечай годнасці з боку супрацоўнікаў сілавых структур у дачыненні да мірных грамадзян”. „Настойваем на неадкладным прыцягненні да адказнасці асоб, якія непасрэдна прымалі ўдзел у неправамоцных затрыманнях, катаваннях, збіваннях, а таксама асоб, якія непасрэдна кіравалі іх дзеяннямі, і тых, хто аддаваў злачынныя загады”, — гаворыцца ў звароце.

Калектыў Горкаўскага тэатра настойвае на „неадкладным і бесстароннім” разглядзе ўсіх заяў і скаргаў, пададзеных у органы правапарадку, на аб’ектыўным асвятленні ў СМІ падзей, якія адбываюцца ў краіне. На думку супрацоўнікаў тэатра, „скажэнне праўды, перакручванне і тэндэнцыйная падача фактаў” недапушчальныя, як і націск на людзей, якія адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю або бяруць удзел у мірных акцыях пратэсту.

26 жніўня з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы звольнілася 56 супрацоўнікаў, у тым ліку 36 акцёраў, сярод якіх — народныя і заслужаныя артысты, вядучыя майстры сцэны Юлія Шпілеўская, Ігар Дзянісаў, Павел Харланчук-Южакоў, Зоя Белахвосцік, Наталля Васільева-Качаткова, Алена Сідарава, Арнольд Памазан, Алег Гарбуз, Святлана Анікей, Андрэй Кавальчук, Міхаіл Зуй, Раман Падаляка. На гэты момант у трупе засталося каля 20 чалавек. Звольніліся таксама рэжысёры, рэдактары, адміністратары, артысты аркестра, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі. Разам з імі тэатр пакінуў мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін.

Праблемы ў калектыву пачаліся ў сярэдзіне жніўня, калі купалаўцы разам са сваім гендырэктарам Паўлам Латушкам публічна асудзілі фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і самавольства сілавікоў. 17 жніўня Латушка быў звольнены. У знак салідарнасці з ім супрацоўнікі тэатра пачалі масава падаваць заявы аб сыходзе.

belapan.by