Акцыя ’’Мова дзеткам’’ у Берасці
У Берасці працягваецца акцыя ’’Мова дзеткам’’ у межах кампаніі ’’Наша мова’’. Яе ладзяць актывісты грамадска-культурнага аб’яднання ’’Харугва’’, сумесна з сябрамі агенцтва рэгіянальнага развіцця ’’Дзедзіч’’. Каля чатырох соцень налепак з беларускімі словамі і малюнкамі да іх раздалі ў дзіцячых садках. “Адна з галоўных мэтаў акцыі – гэта папулярызацыя беларускай мовы сярод малых дзетак”, – кажа прадстаўніца кампаніі ’’Наша мова’’ Алена Каховіч:
– У садках амаль няма беларускай мовы, у школах яе таксама недастаткова. Асабліва ў пачатковых класах, таму мы намагаемся, каб беларускай мовы сярод нашай малой будучыні стала больш.
У планах актывістаў – правядзенне мерапрыемстваў на тэму сярэднявечча ў форме гульняў з дзецьмі малодшага ўзросту, ў адукацыйных установах гораду.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота movananova.by