Акцыя „Ноч музеяў” пройдзе анлайн
Штогадовая міжнародная акцыя „Ноч музеяў” упершыню ў Беларусі пройдзе ў анлайн-фармаце 16 траўня. Спецыяльна да гэтай падзеі Нацыянальны гістарычны музей і каманда рок-фолк-оперы „Чарадзей” адаптавалі музычны спектакль для паказу ў прамым эфіры, паведамляе БЕЛТА.
„Асобныя нумары з рок-фолк-оперы „Чарадзей” прагучаць у акустычным выкананні. Роля галоўнай гераіні ў спектаклі – багіні Мары – дасталася салістцы групы „У нескладовае” Кацярыне Поцюс. Паводле сюжэта яна адпраўляецца на пошукі Усяслава Чарадзея, якога сыграе саліст ансамбля „Купалінка” Уладзімір Сцепанкоў”, – расказалі ў музеі.
Прамы эфір будзе даступны ў 21.00 бясплатна для ўсіх жадаючых у любым пункце свету. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дасць магчымасць кожнаму гледачу стаць удзельнікам першай у Беларусі „Ночы музеяў” у анлайн-фармаце і ўбачыць з розных ракурсаў усё, што адбываецца ў выставачных залах.
Рок-фолк-оперу „Чарадзей” напісаў беларускі кампазітар, сцэнарыст і прадзюсар Раман Арлоў паводле матываў летапісных крыніц, у якіх згадваецца легендарны полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Прэм’ера адбылася ў 2016 годзе ў Белдзяржфілармоніі, потым спектакль быў паказаны каля дзесяці разоў на іншых сцэнічных пляцоўках і ў розных версіях.