Акцыя, прысвечаная Ігнату Дамейку
Краязнаўцы і музейшчыкі Дзятлаўшчыны правялі акцыю “Пасадзі дубок Дамейкі”. Яна прысвечана 220-годдзю з дня нараджэння Ігната Дамейкі (1802-1889) – сябра таварыства філаматаў, удзельніку паўстання 1830-1831 гадоў, навукоўцу, рэфарматару, геолагу, мінеролагу, мемуарысту. Юбілей гэты будзе адзначацца сёлета ў ліпені.

Восенню 1823 года з Вільні Ігнат Дамейка быў высланы пад нагляд паліцыі ў вёску Заполле на Лідчыну і ў вёску Жыбартоўшчына паблізу Дзятлава. Яму назаўсёды было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. У Жыбартоўшчыне родны дзядзька Ігната Дамейкі меў маёнтак, дзе і пасяліўся яго пляменнік. Але ў глушы жыць было няпроста. Тым не менш, Ігнат Дамейка на сваёй сядзібе пачаў праводзіць доследы па вырошчванні жывёлы на навуковай аснове, вёў шматлікую перапіску з сябрамі. Пазней у сядзібе жыў Леан Дамейка, пляменнік Ігната, удзельнік паўстання 1863 году. На сцяне захавалася ўмураваная таблічка з прозвішчам Ігната Дамейкі.


Сёння, 16 красавіка, у Жыбартоўшчыне, на святой для дзятлаўчан зямлі, землякі пасадзілі дубкі Дамейкі. Такія дубкі на працягу некалькіх бліжэйшых тыдняў будуць пасаджаны і ў іншых мясцінах, звязаных з Ігнатам Дамейкам, на Гарадзеншчыне.

Цяпер зямля Жыбартоўшчыны належыць прадпрымальніку Канстанціну Шуляку. Ён таксама прыняў актыўны ўдзел у акцыі памяці свайго знакамітага земляка. Пасадзіць дубкі прыйшлі і супрацоўнікі Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алена Абрамчык, Вольга Цюшляева, дзятлаўскія краязнаўцы Валерый Петрыкевіч і Анатоль Альшэўскі. А ініцыятарам акцыі “Пасадзі дубок Дамейкі” стаў Зміцер Юркевіч з Менска, які займаецца вывучэннем жыцця і дзейнасці славутага ліцьвіна.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
