Акудовіч у Гародні



Пасля выступу на мерапрыемствах XIX Трыялогу ў Крынках беларускі філосаф Валянцін Акудовіч завітаў у Гародню, дзе ў прасторы “Цудоўня” адбылася сустрэча з гарадзенцамі.

На сустрэчы філосаф падзяліўся сваімі думкамі пра сучаснае мысленне і прывёў прыклады з асабістага жыцця,  звязаныя з філасофіяй.

Кажа Валянцін Акудовіч:

– Было нечакана. І гэтым адметна. Па-другое, пазнаёміўся проста з цудоўнымі людзьмі. Па-трэцяе, прынамсі, былі зацікаўленыя, бо ніхто не сыходзіў. Я думаю, у Гародні бясспрэчна ёсць інтэлектуальны патэнцыял. І я проста чакаю, што акрамя знакамітых музыкаў, як мой любімы Шалкевіч, гісторыкаў, з’явяцца і мысліўцы.

Для арганізатара сустрэчы Андрэя Несцяровіча Валянцін Акудовіч – адзін са стваральнікаў нацыянальнай ідэі.

– Акудовіч – адзін з кітоў беларускай сучаснай філасофіі. Гэта адзін з прадстаўнікоў беларускага сучаснага мыслення. Глыбокага, прадуманага і ўсвядомленага. Асоба, якая ў прынцыпе спрычынілася да фармавання ў тым ліку і нацыянальнай беларускай ідэі. Сустрэчы і размовы з такімі людзьмі дазваляюць больш-меньш шырокім колам грамадства ўсвядоміць што ёсць што, задацца пытаннямі. Філасофія, у прынцыпе, гэта пытанні і пошук адказаў на гэтыя пытанні.

Цягам бліжэйшага месяца ў гарадзенскай “Цудоўні” пройдзе цэлы шэраг сустрэчаў з беларускімі філосафамі ды  мысліўцамі. Наступным госцем будзе Уладзімір Мацкевіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня