Акуджава па-беларуску



Два беларускія калектывы ўзялі удзел у трыб’юце барду, які абвесціў расейскі лэйбал «Moroz Records».

Калі лідскі гурт «Нэма» заспяваў Булата Акуджаву на мове арыгіналу, то лідар ансамблю «Балцкі Субстрат» Максім Іўкін з Быхава пераклаў песню «Музыкант» на беларускую. Упершыню той пераклад прагучаў летась на Міжнародным фэсце імя Акуджавы ў падляшскай Гайнаўцы, – распавядае Максім.

– Пра трыб’ют я даведаўся ад польскіх сяброў, якіх займеў падчас леташняга Фестывалю Акуджавы ў Гайнаўцы. Я чуў і любіў гэтую песню з дзяцінства, бо мама мая вялікая прыхільніца творчасці Акуджавы. Пераклад лёг вельмі добра.

Арганізатары трыб’юту перададуць каардынаты ўсіх удзельнікаў у дзяржаўны мемарыяльны музей Булата Акуджавы, якім кіруе ўдава барда. Максім Іўкін дадае:

– Дырэктарку музею я ўжо ведаю асабіста якраз праз польскі фестываль. Яна таксама мае непасрэднае дачыненне да Беларусі і мела дзявочае прозьвішча Арцымовіч.

Трыб’ют да 95-годдзя Булата Акуджавы складаецца з 3 трох частках. У пераліку ўдзельнікаў больш за 60 артыстаў, у тым ліку гранды расейскага року БГ, „ДДТ” і Андрэй Макарэвіч. 9 траўня адбудзецца тэлепрэм’ера праекту.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Культура.РФ