Акулін: Ніл Гілевіч хацеў адмовіцца ад звання народнага паэта



У Менску разьвіталіся з апошнім народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам. На паніхіду ў Сьвята-Петрапаўлаўскую царкву прыйшлі тысячы чалавек. Сваімі ўспамінамі ў інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя падзяліўся паэт, бард, рэдактар часопіса “Верасень” Эдуард Акулін. У прыватнасьці, Эдуард распавёў, што Гілевіч хацеў адмовіцца ад званьня народнага паэта:

– У свой час Ніл Сымонавіч, нягледзячы на тое, што ўжо быў уганараваны гэтым званнем, выступіў з прапановай, каб адмяніць яго. Ён казаў, што такога звання няма, напрыклад, у Балгарыі, такога звання няма ў Расеі, у Польшчы. І ён быў гатовы адмовіцца ад яго сам. Але як толькі ён выступіў з гэтай ініцыятывай ( а ён тады працаваў у Вярхоўным Савеце БССР) назаўтра яму ўжо пачалі тэлефанаваць.

Пад ціскам розных творчых саюзаў Ніл Гілевіч тады саступіў. Наперадзе народнага паэта чакала ўключэньне ў негалосныя “чорныя спісы”. Падкантрольным дзяржаве СМІ было забаронена згадваць імя Ніла Гілевіча, за парушэньне правіла прадугледжваліся санкцыі:

– Як толькі ўладныя дзверы за ім зачыніліся, як толькі ён пазбавіўся пасады першага сакратара Саюза беларускіх пісьменнікаў і трапіў у апалу, калі ягонае прозвішча Лукашэнка пачаў называць у множным ліку “Бураўкіны і Гілевічы”, то, канешне, імгненна такія людзі, якія спявалі з высокай сцэны ягоныя песні, перасталі яго зваць бацькам, як раней, і проста перасталі яму тэлефанаваць. Ён, канешне,  перажываў за гэта і яму было крыўдна.

Гілевіч і Акулін разам неаднойчы вандравалі па Беларусі з выступамі.

– Мы выступалі ў Слоніме, а наступны выступ у нас быў у Баранавічах. І на наступную сустрэчу мы спазняліся. А Ніл Сымонавіч вельмі не любіў спазняцца, таму што ён быў чалавек слова. І мне прыйшлося разагнаць сваю машыну да хуткасці 160 км/г. Ніл Сымонавіч паглядзеў на спідометр і кажа: ”Мая крэйсерская хуткасць – 80 км/г, а вы яе перавысілі аж у два разы!” Але гэта была адзіная заўвага. Затое на сустрэчу мы не спазніліся.

На думку Эдуарда Акуліна, толькі чалавек, які жыў на максімальнай хуткасьці, мог зрабіць столькі, колькі апошні народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота novychas.by