Akute прадставіць у Менску сваю новую бубначку
У магілёўскага гурта Akute змяніўся склад. Замест віцебскага драмера Міхаіла Рубіна да калектыву далучаецца менчанка Віка Fates. Упершыню ў Менску Akute ў новым складзе выступіць 20 чэрвеня ў клубе TNT.
Кажа прадзюсар гурта Уладзімір Булаўскі:
– Будзе звычайны летні канцэрт. Кожнае лета даем у TNT сольны канцэрт. „Фішка” ў тым, што гэта будзе новы склад. У Менску ў новым складзе Akute яшчэ не выступала. Будзе магчымасць пачуць, якім чынам улілася ў музычнае рэчышча гурта новая бубначка Віка Fates.
Гурт Akute быў заснаваны ў Магілёве ў 2008 годзе Стасам Мытнікам і Раманам Жыгаравым. На сённяшні дзень музыкі выдалі тры паўнафарматныя альбомы, апошні з якіх “Рэальнасць і сны” быў прызнаны лепшым альбомам 2014 года ў Беларусі. На сёлетнім Басовішчы Akute будзе сярод хэдлайнераў.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя