Ала Петрушкевіч прэзентавала ў Гародні „Шчонаўскія абразкі”
Першая ў Гародні прэзентацыя кніжкі прозы Альжбеты Кеды „Шчонаўскія абразкі” прайшла ў Народным клубе творчай інтэлігенцыі „Грані”. Кніжка пра малую радзіму – вёску Шчонава на Карэліччыне, з фотаздымкамі і кароткімі гісторыямі, якія, як чалавечая памяць, збіраюцца ўсё жыццё.
Перайсці на прозу паэтцы Але Петрушкевіч, якая ўзяла псеўданім празаіка Альжбеты Кеды, было неабходна.
Кажа аўтарка:
– Ведаеце, пісаць прозу вельмі не проста. Лічу, што проза – гэта нейкі этап сталага развіцця пісьменніка, сталення пісьменніка. Я вельмі веру Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу, ён мой настаўнік, ён чалавек для мяне аўтарытэтны. Ён мне сказаў: “Вы дараслі да прозы”. Я лічу, што я да прозы ўжо дарасла. Я вызвалілася ад той няпростай працы, якая ўвесь час была са мной, я б радавался і гэтай працы – літаратуразнаўству.
Перад прэзентацыяй у Гародні, аўтарка прадставіла кнігу сваім аднавяскоўцам. Яны высока ацанілі яе. Некаторыя трымаюць яе пад рукой. Бо кніга пра іх родных, знаёмых.
Кажа аднавяскоўка, якая прыехала ў Гародню на вечарыну:
– Калі адбылася прэзентацыя ў Райцы, пачало нараджацца многа новых абразкоў, таму што людзі чытаюць і ўспамінаюць нешта новае, дабаўляюць. Таму, я так разумею, што будзе працяг, другое выданне. Наогул хачу сказаць, што калі ў Райцы была прэзентацыя, то работнікі клуба падрыхтавалі песню з такімі вельмі ўдалымі радкамі: “Кажуць людзі, вёска вымірае, і сюды ніхто не прыязджае. А я мару, што сюды вярнуся”.
Прозу „Шчонаўскіх абразкоў” параўноўваюць з творамі яшчэ аднаго выхадца з Карэліччыны – Янкі Брыля. Ужо цяпер аўтарка Альжбета Кеда думае пра трэці наклад сваёй кнігі. На яе ёсць попыт, бо папярэднія два наклады разышліся.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя