Алаіза Пашкевіч (Цётка) на паштоўках, канвертах і календарах



Імя Цёткі (1876-1916) па праву знаходзіцца ў славутым пантэоне класікаў беларускай літаратуры. Яна выявіла сябе не толькі як выдатная паэтка, але і таленавіты празаік, дзіцячы пісьменнік, педагог. Цётка надрукавала першую азбуку на роднай мове «Лемантар», выдавала часопіс для дзяцей «Лучынка». Цётка была і засталася руплівай асветніцай на ніве нашага беларускага адраджэння.

Першыя паштоўкі, прысвечаныя Цётцы, былі выдадзены ў першай палове ХХ стагоддзя. Адразу ж пасля смерці вялікай беларускай асветніцы з’явілася паштоўка з яе партрэтам і тэкстам: «Алёізья (з Пашкевічаў) Кейрыс («Цётка»). Беларуская поэтэса і дзеячка. Памерла 4/5 лютага 1916 г». Паштоўка, відаць, выйшла ў 1916 годзе. Хто яе выдаваў і дзе – невядома.

У 1920-х гадах вучнёўскае выдавецтва часопіса «Рунь» Віленскай беларускай гімназіі таксама выпусціла пару паштовак з выяваю Цёткі.

Дзяржаўнае выдавецтва БССР у 1961 годзе накладам 6000 штук парупілася і выпусціла паштоўку з партрэтам Цёткі мастака І.Раманоўскага.

Выдавалася паштоўка і з помнікам Цёткі ў Шчучыне. А Белпошта таксама некалькі разоў згадвала на сваіх канвертах беларускую асветніцу і паэтку. Да яе 125-годдзя быў выпушчаны спецыяльны канверт з маркай, гашэнне яго адбылося ў Менску 15 ліпеня 2001 года. Да свята Дня беларускага пісьменства і друку, якое адбылося ў Шчучыне ў 2015 годзе, Белпошта выпусціла спецыяльны канверт. На ім адлюстраваны на месцы паштовай маркі партрэт Цёткі і здымак помніка ёй.

У 2001 годзе ТБМ выпусціла кішэнны каляндар, прысвечаны Цётцы. На календары змешчана карціна Аляксея Марачкіна «Нас кавалі ў пламені…». На календары надрукаваны словы пісьменніцы: «Мейце сілу і адвагу дзяржацца роднага слова. Мейце смеласць усюды голасна казаць па-свойму…»

Пасля Другой сусветнай вайны імя Алаізы Пашкевіч шчыра ўшаноўваецца ў Беларусі. Творчасць яе вывучаецца ў школе, наладжваюцца розныя літаратурныя вечары і сустрэчы. Саюз пісьменнікаў БССР да юбілейных мерапрыемстваў Цёткі заўсёды выпускаў прыгожыя паштоўкі-запрашэнні на чатырох старонках, якія прафесійна аздаблялі мастакі. Цяпер такіх паштовак-запрашэнняў, на жаль, не выпускаюць.

Да стагоддзя Таварыства беларускай школы кампанія «Будзьма беларусамі» выпусціла прыгожую закладку-паштоўку для кніг, прысвечаную Цётцы. На закладцы змешчана біяграфія Алаізы Пашкевіч, фота яе, а таксама невялікі тэкст з артыкула «Да дзяўчатак», апублікаваны ў «Лучынцы» у 1914 годзе.

У канцы 2015 года Саюз беларускіх пісьменнікаў заснаваў прэмію імя Цёткі. І ў 2016 годзе прэмія была ўпершыню ўручана. Яна даецца за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне кнігі. Своеасаблівай рэкламай прэміі Цёткі сталі паштоўкі з выявамі пісьменніцы. Паштоўкі выйшлі ў некалькіх колерах, на іх напісана лацінкай і кірыліцай: «Прэмія Цёткі».

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Паштоўкі з калекцыі аўтара і Міхася Казлоўскага з Маладзечна