Альбом Nizkiz – лепшы сярод запісаных ў 2015 годзе



Праект Experty.by абвесціў прамежкавы рэйтынг лепшых беларускіх альбомаў па версіі штатных крытыкаў, у які патрапілі рэлізы першага паўгоддзя. Першыя тры прыступкі занялі дыскі гуртоў Nizkiz, Super Besse і Змітра Вайцюшкевіча.

Усе тры работы набралі аднолькавы бал, аднак на дадатковых параметрах першае месца заняў альбом гурта Nizkiz „Лірика”. Гэта другая па ліку студыйная праца калектыва з Магілёва, у актыве якога таксама выступы на міжнародных фестывалях, у тым ліку „Соседний мир” (Украіна), „Воздух” (Расія), „Басовішча” (Польшча), „Дружба” (Беларусь), Moscow Music Week (Расія). 11 лістапада Nizkiz прадставяць свой альбом і новы сінгл у межах вялікага сольнага канцэрта ў клубе Re:Public, піша generation.by.

„Nizkiz уяўляе з сябе новы тып беларускага гурта. Яны падкрэслена і аднолькава ўдала пяюць на абедзвюх мовах. Няспынна шчыруюць над гукам – гэта для іх ёсць першаснае. Ставяць перад сабою невыканальныя, здавалася б, задачы і дасягаюць іх. І не будзе нічога дзіўнага, калі ім скарыцца сусвет”, – адзначыў у сваёй рэцэнзіі на альбом „Лірика” Сяргей Будкін, галоўны рэдактар сайта Tuzin.fm і адзін са штатных аўтараў Experty.by.

Выніковы рэйтынг за 2015 год будзе абвешчаны ў сакавіку 2016 на восьмых штогадовых узнагародах Experty.by, якія вызначаюцца па галасах беларускіх і замежных крытыкаў, а таксама актыўных карыстальнікаў сайта. У журы ўзнагарод у розныя гады уваходзілі Арцемі Троіцкі (Расія), Барыс Барабанаў („Коммерсант”, Расія), Роберт Санкоўскі (Gazeta Wyborcza, Польшча), Рамунас Зілніс (Lietuvos Rytas, Літва), Улдзіс Рудакс (Diena, Латвія), Ігар Панасаў (Cultprostir.ua, Украіна) і іншыя вядучыя крытыкі з суседніх краін.

Пазнаёміцца з рэйтынгам і паслухаць усе альбомы можна на сайце Experty.by