Альбрыхскі – Міхалкову: Малю цябе зрабіць нешта ў справе Сянцова



Вядомы польскі актор Даніэль Альбрыхскі напісаў адкрыты ліст расейскаму рэжысёру і актору Нікіце Міхалкову.

Сябра Польскай кінаакадэміі просіць пра дапамогу ў справе ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, паведамляе Polskie radio.

daniel-olbrychski-mialem-nadmiar-13567_l

«Дарагі мой Мікіта!  Я спрабаваў звязацца з табой перад першым судом па справе Алега Сянцова ў Растове. Я прасіў, каб ты адгукнуўся. Прасіў і тваю жонку Таню, і тваіх прадусараў, і, нарэшце, твайго асістэнта, які адказваў праз твой мабільны тэлефон. Ты не патэлефанаваў. Кажуць, што ты быў у Кітаі. Я думаю, што гэта справа настолькі важная, што перад чарговым судом, які адбудзецца 24 лістапада ў Маскве, я паспрабую звязацца з табой яшчэ раз. Гэтым разам пры дапамозе адкрытага ліста.

Наша амаль пяцідзесяцігадовае братэрскае сяброўства дае мне такое права. Ты не толькі адзін з найвялікшых рэжысёраў сучаснага кіно. Для мяне ты заўсёды быў выдатным, глыбокім і мудрым чалавекам. Маім расейскім братам.

Я не веру, што ты можаш думаць і адчуваць інакш, чым усе тыя выдатныя рэжысёры з розных краінаў свету, якія падпісалі лісты прэзідэнту Пуціну ў абарону нашага ўкраінскага калегі. Жорсткасць суда першай інстанцыі нагадвае самыя змрочныя прысуды нашай агульнай цывілізацыі і культуры. Я заклікаю і малю цябе, як твой польскі брат, зрабіць нешта. З усіх нас ты найбліжэй за ўсё і да твайго прэзідэнта, і да гэтай справы.

Ты выдатна ведаеш, што пасля нас застанецца на самой справе: толькі тое добрае, што мы бескарысліва зробім для іншых».

Нагадаем, украінскі рэжысёр Алег Сянцоў у жніўні 2015 года быў асуджаны судом у Растове-на-Доне да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Ён абвінавачваецца ў тэрарызме.

24 лістапада ў Вярхоўным судзе Расейскай Федэрацыі ў Маскве адбудзецца апеляцыйнае паседжанне паводле справы Алега Сянцова.

Польская кінаакадэмія раней пратэставала супраць арышту ўкраінскага рэжысёра, а затым супраць вынесенага яму несправядлівага прысуда. Ліст прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну, падрыхтаванае ёй сумесна з Еўрапейскай кінаакадэміяй, падпісалі звыш тысячы вядомых дзеячаў кіно і культуры з усёй Еўропы. Сярод іх было 250 палякаў.

Алег Сянцоў, крымчанін, актыўна ўдзельнічаў у Рэвалюцыі Годнасці 2013 года ва Украіне, а затым пратэставаў супраць анексіі Крыма Расеяй. Суд вынес прысуд украінскаму рэжысёру, нягледзячы на тое, што галоўны сведка абвінавачвання, Генадзь Афанасьеў, перад судом адклікаў свае паказвання, заявіўшы, што яны былі дадзеныя пад катаваннямі.

Паводле: Хартыя 97

Фота: gala.pl