Алег Дзярновіч: Новы Крэўскі замак сумясціць тры гістарычныя вобразы



У траўні 2020 года працаўнікі „Белрэстаўрацыі” прыступілі да  другога этапу кансервацыі сцен легендарнага Крэўскага замка. Такі  этап у перспектыве прадугледжвае рэстаўрацыю Княскай вежы замка і прылеглых да яе сценаў.

Пра будучы вобраз замка пагутарым з сённяшнім „Госцем Рацыі” – супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук, археолагам Алегам Дзярновічам.

РР: Сёлета запланавана аднавіць баявую галерэю ўздоўж адной са сценаў замка, а таксама аднавіць Уязную браму. Фінансуецца праца з Фонду прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Якім жа чынам рэалізуецца фронт работ у Крэўскім замку?

Алег Дзярновіч: Рады паведаміць, што сёлета на Крэўскім замку распачаліся кансервацыйныя працы – працы па кансервацыі з элементамі рэстаўрацыі. Гэта тое, чаго не было ў мінулым годзе. Было ў пазамінулым. У мінулым годзе былі праблемы з фінансаваннем, а ў гэтым годзе ўсё ж такі грошы выдаткаваны. Спадзяемся, што большая іх частка прыйдзе і будзе рэалізаваная. Мы павінны пабачыць па выніку гэтых прац наступнае: на гэты год запланавана кансервацыя сцяны паўночна-усходняй. З аднаго боку яна блізка вежы зусім разбураная. Нават калі мы пачалі праводзіць зачыстку захаванай часткі сцяны, каб паглядзець наколькі аўтэнтычна сцяна захавалася, мы пабачылі, што яна проста выгнулася пад напружаннем той сцяны, якая ў 17 годзе клалася пасля абстрэлу. А другая частка гэтай сцяны даволі добра захавалася. Захаваўся найбольшы па даўжыні цагляны пас. Пас архітэктурны, дэкаратыўны, выкананы з цэглы. Бо асноўны матэрыял Крэўскага замку – гэта камяні, валуны, але самыя адказныя дэталі – арачныя праёмы, ваконныя праёмы, таксама брама выкладаліся з цэглы. І вось на гэты сезон запланавана таксама вельмі адказная праца для рэстаўратараў – вымуроўка брамы замка. 

РР: Хто праводзіць работы і як вы ацэньваеце гэтых працаўнікоў?

Алег Дзярновіч: У Крэўскім замку працуе мірскі ўчастак “Белрэстаўрацыі”. Кіраўніцтва працэсу і працаўнікі больш наладжаныя на працу з матэрыяльнай спадчынай. І калі іх непасрэдныя загадчыкі – гэта людзі, якія з’яўляюцца архітэктарамі па рэстаўрацыі, то гэта сведчыць пра нейкае большае разуменне. Бо, напрыклад, вы ведаеце, што Лідскі замак нейкі звычайны будтрэст рабіў. Тое ж самае зараз у Старым замку ў Гародні. Там як бы “Белрэстаўрацыю” не падпусцілі. Я, як чалавек незалежны, не ведаю, што там адбывалася. Я збоку назіраю і бачу, што там працуюць мясцовыя будаўнікі. А вось у Крэве, я думаю, што вельмі добра, што працуе менавіта “Белрэстаўрацыя”. Спадзяюся, што гэта паўплывае на якасць выканання. Пакуль сур’ёзных заўваг да працы ў мяне не было.

Падчас аднаўлення гістарычнага аб`екту плануецца захаваць элемент умавацавання адной са сценаў, які быў узведзены польскімі кансерватарамі ў міжваенны час.

Алег Дзярновіч: Контрфорс – гэта таксама помнік, наша памяць пра нашых папярэднікаў, пра нашых калег – польскіх рэстаўратараў, якія 90 год таму займаліся ратаваннем руін Крэўскага замка. Таму нам важна пакінуць гэты контрфорс. Як я чуў, ёсць такая дамоўленасць, што контрфорс застанецца. Тэхнічна ён не ёсць неабходны, але гэта будзе памяць пра нашых папярэднікаў. 

Працы па аднаўленні Крэўскага замка зоймуць яшчэ мінімум 5 год пры ўмове пастаяннага фінансавання.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле: 

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя