Алег Хаменка пра „Басовішча”: Усё павінна змяняцца
Фестываль “Басовішча” за гады існавання істотна змяніў свой фармат. Акрамя рок-гуртоў, на сцэну выходзяць прадстаўнікі іншых музычных напрамкаў і стыляў.
Так, на сёлетнім фэсце выступіць “Стары Ольса”, які грае сярэднявечную музыку, і “Вурай”, які эксперыментуе з беларускім фолькам.
“І гэта добрыя змены”, – так мяркуе лідар гурта “Палац” Алег Хаменка:
– Канешне ўсё павінна змяняцца, і ўвогуле ў фестывальным менеджменце кожныя сем гадоў, гэта абавязкова, адбываюцца ўдасканаленні фармату, з гэтай прычыны цяпер я бачу сапраўды, што на „Басовішча” будуць прыязджаць і прыязджаюць найбольш цікавыя, найбольш актуальныя гурты, якія ўплываюць на развіццё краіны і безумоўна моладзі.
Алег Хаменка прыгадвае, што сам упершыню прыехаў на “Басовішча” 25 гадоў таму, і называе гэта своеасаблівым юбілеем.
Запрашаем слухаць і глядзець жывую трансляцыю. Пачынаем у 18.05 беларускага часу.
Беларускае Радыё Рацыя