Алег Латышонак: Гэта проста невымоўная страта



З Беларусі прыйшла сумная вестка: у 57-гадовым узросце памёр гісторык Уладзімір Ляхоўскі.

Ён быў адным з найлепшых гісторыкаў свайго пакалення і адданым патрыётам Беларусі. Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства з Беласточчыны прафесар Алег Латышонак ведаў Уладзіміра Ляхоўскага вельмі добра, паколькі яны супрацоўнічалі дзясяткі гадоў.

– Займаўся ён гэтым самым што і я. Прычым адразу скажу, што быў намнога лепшым гісторыкам гэтага перыяду. Паколькі я толькі нейкі час займаўся беларускай вайсковай справай у гэты самы перыяд. Уладзімір Ляхоўскі – гэта быў надзвычайны даследчык, надзвычайна карпатлівы, увесь час ў архівах, ён, трэба сказаць, быў і выдатным архівістам.

Уладзімір Ляхоўскі падтрымліваў шчыльныя кантакты з калегамі-гісторыкамі з Беласточчыны. Ягоныя артыкулы перыядычна з’яўляліся ў Беларускіх гістарычных сшытках, якія выдае Беларускае гістарычнае таварыства.

Кажа Алег Латышонак:

– Ён быў сталым аўтарам нашага Беларускага гістарычнага зборніка. Яго артыкулы і архіўныя матэрыялы заўсёды былі аздобай нашага часопісу. Смерць Уладзіміра Ляхоўскага – гэта для нас проста шок, невымоўная страта. Зямля яму пухам.

Уладзімір Ляхоўскі аўтар некалькіх манаграфій і шматлікіх артыкулаў у «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», часопісах «Спадчына», «Arche», «Беларускім гістарычным часопісе» і іншых. Ён даследаваў праблемы гісторыі культуры і адукацыі, развіцця беларускага нацыянальнага руху і станаўлення грамадскай супольнасці Беларусі ў ХІХ-ХХ стагоддзях.

Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя