Алег Трусаў: Пакуль што нам не да ліцэнзій



Алег Трусаў, які выконвае абавязкі рэктара ствараемага Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, распавядае пра перспектывы навучальнай установы.

Алег Трусаў: Зараз сітуацыя са стварэннем універсітэта такая: дыхаем, але не на поўную моц. Мы зараз нават не займаемся атрыманнем ліцэнзіі на дзейнасць, хаця гэта было ў бліжэйшых планах, а думаем, як выжываць.

У гэты час збіраем бібліятэку (у нас ужо каля тысячы кніг), працягнулі арэнду памяшкання… Адным словам, займаемся ўтрыманнем пазіцый. Пакуль што нам не да ліцэнзій. Пачакаем, магчыма, у бліжэйшай перспектыве зменіцца агульная сітуацыя ў краіне. Зараз наша першачарговая задача – захавацца.

РР: Сёння нацыянальная сімволіка фактычна пад забаронай…

Алег Трусаў: Хачу адзначыць, што пад забарону патрапіла ўсё тое, што ўлады палічылі рэвалюцыйным. Але не ўсё нацыянальнае з’яўляецца рэвалюцыйным. Маю на ўвазе наш універсітэт.

РР: І ўсё-такі якія далейшыя перспектывы ўніверсітэта? Ёсць надзея, што ён будзе створаны?

Алег Трусаў: Безумоўна, ёсць. Тым больш, што мы і зараз працягваем працаваць. Напрыклад, збіраемся выдаць тры падручнікі на беларускай мове – па германістыцы і логіцы. Гэта вельмі вялікая праца пад грыфам універсітэта.

Калі ж закончыцца пандэмія, то працягнуцца курсы пры ўніверсітэце. Таму мы нікуды не зніклі, мы працуем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя